У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт
У новы закон аб правах дзіцяці ўнеслі забарону на распаўсюджванне цэлага шэрагу дзіцячых цацак.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_04/-dbldn.jpg.webp)
У Беларусі збіраюцца забараніць некаторыя цацкі, створаныя на аснове герояў камп'ютарных гульняў і фільмаў. Такая норма з'явілася ў законапраекце па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей, які сёння прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні.
Прадстаўляючы законапраект, міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў, што такая норма з'явілася пасля зваротаў неабыякавых грамадзян і бацькоў.
Як прыклад цацкі, якую збіраюцца забараніць, Іванец прывёў Хагі Вагі, з якім ужо даўно змагаюцца прарасійскія актывісты.
«На жаль, мы бачым, што сёння ў адкрытым продажы маюцца цацкі, якія, відавочна, не могуць быць прызначанымі для дзяцей. Адным з яркіх прыкладаў з'яўляецца цацка Хагі Вагі, якая выяўленая ў выглядзе адсутнасці вачэй, адсутнасці іншых частак цела. Гэта значыць наўмысна знявечаная выява ці то дзіцяці, ці то лялькі. Якая безумоўна выхоўвае і падштурхоўвае нашых дзяцей да таго, што гэта з'яўляецца нормай. Адпаведна пасля можа правакаваць і гвалт, і скажонае ўяўленне пра дабро і зло», — заявіў Іванец.
Паводле яго слоў, Мінадукацыі правяло маніторынг крам і гандлёвых пляцовак ды знайшло там іншыя цацкі, якія могуць нанесці шкоду здароўю і жыццю дзяцей.
Беларускія чыноўнікі ўжо прапаноўвалі забараніць Хагі Вагі не толькі ў краіне, але і на ўзроўні ЕАЭС.
Беларусь прапануе забараніць Хагі Вагі на ўзроўні ЕАЭС
Замест Хагі Вагі — Карлсан. У Баранавічах у сацыяльнай рэкламе сучасныя малюнкі для дзяцей перамалявалі на савецкія
Для ўдзелу ў афіцыйнай ялінцы гомельскаму Хагі Вагі вырвалі зубы і прышылі вушы
Галоўны монстр 2022 года: хто такі Хагі Вагі, ад якога ўсе фанацеюць?
Каментары