Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі лічыць, што ў рамках патэнцыйнай «здзелкі» з адміністрацыяй Дональда Трампа ЗША і Украіна могуць сумесна распрацоўваць карысныя выкапні на ўкраінскай тэрыторыі. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю агенцтву Reuters.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/stock/gettyimages-2190701439-l74ng.jpg.webp)
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна мае патрэбу ў гарантыях бяспекі ад сваіх саюзнікаў як часткі любога ўрэгулявання вайны і адкрытая да заключэння «здзелкі» з ЗША.
«Мы павінны спыніць Пуціна і абараніць тое, што ў нас ёсць — вельмі багаты Дняпроўскі рэгіён, цэнтральную Украіну», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Пры гэтым ён адзначыў, што Кіеў прапануе не «аддаваць» свае рэсурсы ЗША, а аформіць узаемавыгаднае партнёрства для іх сумеснай распрацоўкі.
«Амерыканцы дапамаглі больш за ўсё, і таму амерыканцы павінны зарабіць больш за ўсё. І ў іх павінен быць гэты прыярытэт, і ў іх ён будзе. Я таксама хацеў бы пагаварыць пра гэта з прэзідэнтам Трампам», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго слоў, Расія дакладна ведала, дзе размешчаныя крытычныя рэсурсы Украіны, дзякуючы геалагічным даследаванням савецкіх часоў.
Украіна сама выказала ідэю адкрыць свае радовішчы карысных выкапняў для інвестыцый з боку саюзнікаў мінулай восенню, калі яна прадставіла «план перамогі», які мусіць забяспечыць ёй моцную пазіцыю для перамоў з Масквой.
Цяпер пад расійскай акупацыяй знаходзяцца менш за 20% мінеральных рэсурсаў Украіны, у тым ліку каля паловы радовішчаў рэдказямельных элементаў. Сярод іншага Украіна мае найбуйнейшыя ў Еўропе запасы тытану, неабходнага для авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці, а таксама ўрану, які выкарыстоўваецца ў ядзернай энергетыцы і ўзбраенні.
Акрамя таго, Зяленскі паведаміў, што Кіеў і Белы дом абмяркоўваюць ідэю выкарыстання вялізных падземных газавых сховішчаў Украіны для захоўвання амерыканскага звадкаванага газу.
«Я ведаю, што адміністрацыя Трампа ў гэтым вельмі зацікаўленая. Мы гатовыя і жадаем мець кантракты на пастаўкі звадкаванага газу ва Украіну. І, вядома, мы будзем хабам для ўсёй Еўропы», — сказаў ён.
7 лютага Дональд Трамп заявіў, што плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні.
Зяленскі: Кіеў адкрыты да супрацоўніцтва па здабычы рэдказямельных металаў
Зяленскі: Калі не бераце нас у НАТА, то дайце ядзерную зброю
Шольц назваў жаданне Трампа абмяняць дапамогу Украіне на рэдказямельныя металы «эгаістычным»
Трамп прапанаваў дапамогу Украіне ў абмен на рэдказямельныя металы. Кіеў адказаў
Адміністрацыя Трампа хоча, каб ва Украіне сёлета прайшлі выбары
Каментары