Праваабаронцы паведамілі, што палітвязням не даходзяць грашовыя пераводы. Сваякі пацвярджаюць
Паштовая сістэма Беларусі нібыта атрымала новыя спісы асуджаных, якім забаронена перасылаць грошы, паведамілі праваабаронцы з Mayday.team. Паводле звестак крыніцы, праблемы з адпраўкай грашовых сродкаў вязням пачаліся прыкладна з 16 студзеня 2025 года. Аказалася, што праблемы з пераводам грошай палітвязням сапраўды ёсць, даведалася «Радыё Свабода».
«Асуджаныя, якім яшчэ напрыканцы снежня грошы даходзілі без праблем, цяпер апынуліся ў «чорным спісе». Супрацоўнікі паштовых аддзяленняў не хаваюць, што спісы прыйшлі з Мінска і тычацца палітычных вязняў», — паведамляюць праваабаронцы.
Звесткі ад праваабаронцаў часткова пацвердзілі «Радыё Свабода» сваякі двух палітвязняў, імёны якіх не называюцца, каб ім не нашкодзіць.
Кацярына, жонка палітвязня М., які знаходзіцца ў СІЗА і пакуль чакае новы прысуд, дагэтуль не ведае, ці дайшлі да мужа грошы, якія яму адпраўлялі летась.
«Ягоная маці адпраўляла 100 рублёў, а мая сяброўка — 200 рублёў, гэта было дакладна да 16 студзеня, але я да гэтага часу не маю пацвярджэння, што ён атрымаў грошы», — расказала Кацярына.
Паводле яе, летась з пераводам грошай у калонію мужа праблем не было, ён мог свабодна іх траціць у атаварцы.
«Замаўляў атаварку, гэта дакладна. А што будзе цяпер — не ведаю. Не выключаю, што ў новай калоніі пачнуцца абмежаванні», — кажа Кацярына.
Дачка палітвязня І. Паліна таксама турбуецца за грошы, якія адправілі бацьку.
«Два лісты яму ўжо адправілі з пачатку года, а адказу няма, і не ведаем, ці дайшлі грошы. Баімся: а раптам і яго ўключылі ў гэты «чорны спіс»? Бо раней ужо праз два дні ведалі, што грошы дайшлі, а цяпер больш за месяц — нічога. Праўда, можа, ён зноў у «санаторыі»? Тады будзем чакаць, як выйдзе і напіша. Альбо грошы вернуцца. Але пакуль няма ні грошай, ні лістоў», — кажа Паліна.
Яе бацька ў турме ўжо больш за два гады. Раней грашовыя пераводы на ягонае імя даходзілі рэгулярна, але траціць у турэмнай краме ён мог толькі адну базавую велічыню ў месяц.
А вось жонка іншага палітвязня, былога журналіста Д., паведаміла «Радыё Свабода», што ў іх праблем з грашовымі пераводамі на пачатку года не ўзнікла.
«У нас такіх праблем няма. Напрыканцы студзеня дасылалі мужу грошы, ён напісаў, што яны дайшлі. Але ж ён «экстрэміст», таму мае абмежаванне: на атаварку толькі адна базавая велічыня. Але на рахунак можна дасылаць колькі заўгодна. Іншыя грошы ён можа патраціць на выпісванне газет, часопісаў, набыццё кніг», — расказала жонка палітвязня Д.
Былы палітвязень, праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка згадаў, што ў калоніі «Віцьба-3», дзе ён адбываў пакаранне, толькі вязні з чырвонай біркай «тэрарыста» былі пазбаўленыя права атрымліваць грошы на рахунак.
«Такіх у нас было прыкладна адзін на сто. Ім увогуле забаранялася дасылаць грошы. А «экстрэмістам» можна было, толькі ў іх былі абмежаванні на атаварку», — узгадаў Леанід Судаленка.
Звесткі пра тое, што з сярэдзіны студзеня ўлады дапоўнілі «чорныя спісы» на атрыманне грошай, Леанід Судаленка лічыць праўдападобнымі.
«Ведаю, што ўлады і раней рэгулярна карэктавалі гэтыя спісы. Некага вызваляюць ці пераводзяць на іншы рэжым, некага, наадварот, саджаюць, заносяць у «тэрарысты» і, адпаведна, уключаюць у спіс тых, каму пераводы забароненыя. А яшчэ ёсць тыя палітвязні, якіх трымаюць у рэжыме «інкамунікада», як Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка. Мяркую, яны таксама ў гэтых «чорных спісах». Падобна, што на пачатку года гэта карэктуецца», — сказаў праваабаронца.
З 1 студзеня 2025 года базавая велічыня ў Беларусі — 42 рублі, летась была 40 рублёў. На адну базавую велічыню ў беларускай турме можна набыць некалькі упаковак кавы, печыва, цукерак і шакаладу, а ў летні сезон — некалькі кілаграмаў яблыкаў, цыбулі ці агуркоў.
Паводле назіранняў былых палітвязняў, да 10% зняволеных у калоніях, хоць і не пазбаўленыя права атрымліваць грашовыя пераводы, не маюць ніякіх грашовых паступленняў на свае рахункі, бо ім ніхто не дапамагае.
Каментары