«Лепей з голаду здохну». Каверын і «Обычное утро» засталіся без грошай, але ён рады спыненню амерыканскага фінансавання. Вось чаму
Беларускі блогер Дарога агучыў у фэйсбуку змрочны прагноз таго, што чакае беларускія СМІ і культурныя ініцыятывы пасля таго, як Трамп прыпыніў амерыканскую фінансавую дапамогу іншым краінам. У каментарыі прыйшоў вядучы «Обычного утра» Канстанцін Каверын.
Праз тое, што Дональд Трамп прыпыніў фінансавую дапамогу ад ЗША іншым краінам, шмат беларускіх ініцыятыў — ад блогераў да культурніцкіх праектаў — засталіся без грошай.
Блогер Дарога лічыць, што вынік гэтага можа быць вельмі сумным для ўсяго беларускага грамадства. Ён лічыць, што можа памерці не толькі незалежная журналістыка, але і розныя культурніцкія, асветніцкія ды іншыя арганізацыі — тыя, што цудам ацалелі пасля татальнай зачысткі ў Беларусі і аднавілі сваю дзейнасць у замежжы.
Калі гэта адбудзецца, аднавіць іх у бліжэйшай перспектыве будзе амаль што немагчыма:
— Раней усю гэтую гуманітарную супольнасць жывіла знаходжанне ў Беларусі і магчымасць дзейнічаць у той ці іншай ступені легальна. Была магчымасць папаўняць свае шэрагі, гадаваць кадры, а таксама практыкавацца ў родным асяроддзі. Цяпер гэткіх магчымасцяў няма ад слова «зусім». У замежжы кадраў не будзе — за рэдкімі адзінкавымі выняткамі, якія будуць адно пацвярджаць агульнае правіла: гадаваць няма як і няма з каго, перабіраць з усё меншых колькасна тых, хто ёсць, няма як, — напісаў ён у фэйсбуку.
Блогер заклікае беларусаў усвядоміць, што гісторыя са стратаю фінансавання адаб’ецца не толькі на медыя, а закране нашмат шырэйшае кола і ў выніку паўплывае на кожнага.
У каментарыях з'явіўся вядучы «Обычного утра» Канстанцін Каверын. Ён, як прыхільнік Трампа, напісаў, што лічыць правільным прыпыненне фінансавання:
— З кожным мільёнам на незалежныя СМІ Беларусі выдаваліся 10 на нешчаслівых, якія падтрымліваюць ХАМАС. Таму… Ведаеце, лепей я з голаду падохну (таксі, Жабка, Макдональдс — не прынцыпова), але менш вырадкаў падарве сябе дзесьці ў буйных гарадах Еўропы. І менш нармальных людзей атруцяцца іхнім парадкам дня.
«Наша Ніва» папрасіла Канстанціна Каверына больш падрабязна распавесці пра свой погляд на сітуацыю, але той адмовіўся і прызнаўся, што напісаў той каментарый на эмоцыях.
«Обычное утро» крок Трампа таксама закрануў. Ютуб-праграма страціла фінансаванне. Яе вядучыя даюць сабе два месяцы на пошук новых крыніц і просяць гледачоў, якім важны праект, падтрымаць калектыў у гэты час.
За тры дні праграма сабрала больш за 14 тысяч еўра і працягне сваю працу ў лютым.
«Толькі ад вас залежыць, ці будзем мы выходзіць у эфір». «Обычное утро» просіць дапамогі
«Абажаю гэтае лявацкае дзярмо». Каверын нагаварыў у эфіры такое, што гледачы ў шоку
Ютуб-шоу «Обычное утро» пакінула вядучая. Хто стаў новай?
«Я ўсё ж такі беларус». Гісторыі рускамоўных людзей, якія ў апошнія гады перайшлі на беларускую мову
Каментары