Грамадства

«У гатэлі стаіць ахова толькі з-за таго, што ты белай расы». Як беларус працаваў у В'етнаме, Зімбабвэ і Філіпінах

Юрыст-міжнароднік і выкладчык Леанід Марозаў ездзіў па абмене ў В'етнам, працаваў экспертам па правах чалавека ў Ліване, Зімбабвэ і Філіпінах. Ён расказаў «Нашай Ніве», чым яго ўразілі экзатычныя краіны і наколькі адрозніваюцца беларускія студэнты ад іншых. А таксама падзяліўся, чаму пайшоў у каманду да Святланы Ціханоўскай.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

«Не ўбачыў сярод студэнтаў патрыятычных людзей, якія вераць у камунізм»

Леанід Марозаў скончыў МІТСО па спецыяльнасці «міжнароднае публічнае права», а таксама магістратуру. Падчас навучання ў 2016-м паехаў у В’етнамскі ўніверсітэт прафсаюзаў. 

«Правёў там месяц, быў на кафедры міжнароднага права, — расказвае ён. —

Жыў у інтэрнаце са студэнтамі ў Ханоі. У пакоі белая плітка і па цэнтры ложак, як у сапраўдных в’етнамскіх фільмах. Кожны дзень чытаў па 2-3 лекцыі на англійскай мове з перакладам на в'етнамскую. Гэта, вядома, трэба было бачыць, як у кіно: вентылятары круцяцца, студэнты ў в'етнамскіх гумовых шлёпанцах, каля 200 чалавек зацікаўлена канспектуюць».

Леанід Марозаў са студэнтамі ў В'етнаме. Фота: тут і далей асабісты архіў

Выкладчыкі ўніверсітэта часта прасілі Леаніда перагледзець іх навучальныя праграмы. Напрыклад, у іх быў курс па сямейным жыцці.

«Спрабаваў тлумачыць, што гэта не трэба, але не атрымалася. У іх дастаткова рэлігійныя погляды», — кажа ён.

Студэнтам не перакладалі частку лекцый, дзе Леанід казаў пра парушэнне правоў чалавека ў В’етнаме. Гэта ён даведаўся ад навучэнцаў пасля заняткаў.

«Некаторым са студэнтаў было незразумела, навошта ўвогуле існуе сістэма па абароне правоў чалавека і як яна працуе, — кажа Леанід. — Але пры гэтым я не ўбачыў сярод іх людзей, якія вераць у камунізм, у сацыялізм, якія дэкларуюць у краіне. 

Я ўбачыў даволі бедных у матэрыяльным плане, але добрых людзей, якія хацелі паказаць сваю краіну і даведацца, дзе ўвогуле знаходзіцца Беларусь.

Большасць не можа з'ехаць вучыцца праз адсутнасць грошай, а другую прычыну, якую называлі, — не могуць кінуць бацькоў. У іх у грамадстве лічыцца, што калі з'едзеш, будуць думаць пра цябе як пра дрэннае дзіця».

Пасля вяртання Леаніда з В’етнама ўніверсітэт вырашыў не падпісваць з ім працоўны кантракт на наступны год. Яны патлумачылі гэта адсутнасцю месцаў. Насамрэч звальнялі па палітычных матывах: Леанід праводзіў адкрытыя лекцыі на тэму правоў чалавека, ЛГБТ і смяротнага пакарання па-за ўніверсітэтам.

«Рабіў гэта ў «Цэху» на Кастрычніцкай, у «Верх», яны былі платнымі. Памятаю, што за першую браў 5 рублёў, але з гэтых грошай сам аплачваў памяшканне, неяк засталася рэшта і тады купіў квіток на Земфіру. 

Ва ўніверсітэце не спадабалася, што я такім займаўся, папрасілі больш не праводзіць альбо рабіць гэта толькі з універсітэтам, я адмовіўся».

Выкладчык пайшоў працаваць у Еўрапейскі каледж Liberal Arts у Мінску, там стаў дырэктарам праграмы па глабальнай грамадзянскасці. Пасля быў прадстаўніком моладзевай арганізацыі РАДА на міжнародным узроўні, а таксама экспертам працоўнай групы па правах моладзі ў Брусэлі.

«У Зімбабвэ здзівілі цэны, кава каштавала амаль 4 еўра»

У 2021 годзе Леанід разам з будучай жонкай з’ехаў з Беларусі ў Грузію пасля таго, як зрабіў даклад па правах моладзі ў Радзе па правах чалавека ААН.

У якасці эксперта ў 2022 і 2023 гадах мужчына працаваў у афрыканскіх краінах. Быў у Ліване, Зімбабвэ і Філіпінах. Паездкі праходзілі пад патранажам моладзевых саветаў Даніі і Швецыі, якія страхавалі візіты Леаніда туды ў плане бяспекі.

«У Зімбабвэ здзівілі цэны. Кубак кавы каштаваў амаль 4 еўра, як у Еўропе, а першае, што ўбачыў, калі прыляцеў у Харарэ, — міграцыйныя стойкі, абклееныя этыкеткамі KFC, — расказвае ён пра прыезд у зімбабвійскую сталіцу.

— Для прыезджых там усё ёсць: добры гатэль, нармальная вада. Але гэта абгароджана, знаходзіцца ў анклаве, дзе ўсё прыгожа і ходзяць жырафы.

Пра ўладу паміж сабой людзі не размаўляюць, большасць хоча нешта мяняць на сваім мясцовым узроўні. Яны адкрываюць у вёсках радыёкропкі, робяць там нейкія дыджэйскія праграмы. Выступаюць з народнымі танцамі, ездзяць з вёскі ў вёску. І яны стараюцца як могуць. На дзяржаву ніхто не спадзяецца». 

Леанід згадвае ўражанні ад Філіпін:

«Беднасць, вельмі шмат людзей, дзяцей спалі на вуліцы на кардонках. У Маніле (сталіцы Філіпін — НН) вельмі вялікая розніца паміж беднымі і багатымі. У гатэлі стаіць ахова толькі з-за таго, што ты белай расы. Гэта даволі некамфортна.

Недзе ў памяшканнях няма вады, але людзі спакойна да гэтага ставяцца. Кажуць, мы мяняем сваю краіну. Урадавыя будынкі, амбасады там агароджаны калючым дротам. Гэта зусім не радавала, але на людзей увогуле ніяк не ўплывае. Шмат размаўляў там з мясцовымі, агрэсіі ад людзей не бачыў».

У Польшчы Леанід піша цяпер доктарскую дысертацыю на тэму правоў моладзі, выкладае на англійскай мове ва ўніверсітэце Адама Міцкевіча ў Познані, дзе атрымаў стыпендыю. 

«Студэнты не ведалі, што я дарадца Святланы Ціханоўскай, гуглілі, хто я. А потым пыталіся, ці праўда гэта, і ставіліся з павагай. Ёсць сярод іх беларусы, але большасць — украінцы. А таксама з ЗША, Канады, Японіі, Кітая, Сінгапура. 

Студэнты з Нью-Ёрка пыталіся, ці можна з'ездзіць у Беларусь just for fun (дзеля забавы.— НН). Скідаў ім навіну аб нядаўна вызваленай амерыканцы, расказваў, што на 2,5 года можна сесці ў турму за лайк. 

Украінскія студэнты часта не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Разумею, што яны жывуць вайной, але часам прашу быць і ў нашым кантэксце.

А ў польскіх студэнтах уразіла, што моладзь амаль не рэлігійная, хаця сама краіна вельмі. І ў іх няма жадання кудысьці з'ехаць вучыцца.

Студэнты з Кітая вельмі закрытыя. Адна беларуска, якая сябравала з кітаянкай, расказала мне, што тая не адказвае на мае пытанні, таму што ў Кітаі ёсць правіла: выкладчык — гэта Бог, і яму нельга перашкаджаць. Мне нават давялося перад ёй папрасіць прабачэння, што я са сваімі пытаннямі да яе звяртаўся», — расказвае ён. 

«Мінулым летам скончыў курс па еўрапейскай палітыцы ў Оксфардзе»

Часам выкладчык сумуе па тым, што не можа вучыць студэнтаў у Беларусі. 

«Тут не пажартуеш з імі на мясцовыя тэмы, не зразумеюць, што такое «Хутка-Смачна», — тлумачыць ён. 

— Беларускія студэнты, як заўсёды, сарамлівыя. Калі чалавеку ёсць, што сказаць, ён не будзе крычаць першым, стане чакаць, калі «дадуць мікрафон». Гэта нават адзначалі міжнародныя партнёры, калі я працаваў яшчэ ў ініцыятыве РАДА. Казалі, што беларусы не хочуць скандалаў, але калі дастануць, то скажуць. Мы ўсміхаліся тады, а потым здарыўся 2020 год».

Выкладчык адзначае: за тры гады працы ва ўніверсітэце ў Польшчы не запоўніў ніводнага вучэбнага журнала.

«Ніякіх адзначэнняў студэнтаў няма. Ёсць анлайн-платформа, на якой выкладчык сам, як ён хоча і бачыць, ставіць адзнакі, прыдумляе заданні, формы справаздачнасці, іспыты. Нават колькасць лекцый застаецца за мной. У Беларусі большая частка часу ішла на запаўненне журналаў. Тоны залікаў, рэфераты, якія абавязкова трэба афармляць па шаблоне, як і дыпломы, якія куплялі ў большасці сваёй альбо ў старшакурснікаў, альбо ў саміх выкладчыкаў.

Шмат разумных людзей, якія вымушаны гэтым усім займацца, няма часу і жадання неяк развівацца. Прыходзіш дадому пасля шасці пар і хочаш толькі легчы спаць. Ні чытаць, ні паехаць на канферэнцыі, ні вучыць мову няма жадання. Таму мінімальная колькасць выкладчыкаў універсітэтаў у Беларусі размаўляюць на англійскай мове», — кажа ён. 

У Беларусі ў Леаніда было каля 800-900 акадэмічных гадзін. У Польшчы — 70.

«Таксама цікава, што ў гэтым семестры, напрыклад, мяне дэкан папрасіў зрабіць курс «ЗША, Расія і краіны Усходняга партнёрства», бо я працую ў палітычнай сферы. Пытаю, што для гэтага трэба. А ён адказвае, што хачу, тое і магу рабіць, ніхто не стане кантраляваць, якім чынам праходзіць курс. 

Тут шануецца, колькі выкладчык напісаў навуковых артыкулаў, наколькі актыўны, а таксама важная цытаванасць тваіх прац. 

Мінулым летам скончыў курс па еўрапейскай палітыцы ў Оксфардзе, гэта было плюсам у польскім універсітэце. Яны напісалі пра гэта на сваім сайце і прапанавалі мне стварыць свой які-небудзь курс», — расказвае ён. 

Заробак у якасці выкладчыка Леанід пакуль не атрымлівае, бо працуе ў рамках стыпендыі, якая складае 1000 еўра. 

А як трапіў у каманду Святланы Ціханоўскай? 

«Мне прыйшло запрашэнне ад Крысціны Рыхтэр (былая дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях. — НН), з ёй мы былі знаёмыя даўно. Спачатку думаў, ці патрэбна мне гэта: хачу я быць толькі выкладчыкам ці яшчэ і паспрабаваць дапамагчы нам вярнуцца дадому. Але тут вырашальным фактарам была Святлана Ціханоўская, дзеля яе я пайшоў туды. Ніколі не бачыў чалавека, які столькі ўкалвае. Яна проста мозг, і пры гэтым вельмі чалавечая. З ёй мне не сорамна. А яшчэ класна бачыць вынік. За сем месяцаў маёй працы мы з юрыдычнай камандай выратавалі ад дэпартацыі шэсць беларусаў. Шмат гэта ці мала — не ведаю, але гэтыя людзі ў бяспецы», — падсумоўвае Леанід. 

Каментары

«У гатэлі стаіць ахова толькі з-за таго, што ты белай расы». Як беларус працаваў у В'етнаме, Зімбабвэ і Філіпінах

«У гатэлі стаіць ахова толькі з-за таго, што ты белай расы». Як беларус працаваў у В'етнаме, Зімбабвэ і Філіпінах

Усе навіны →
Усе навіны

Нетаньяху падарыў Трампу два пейджары2

Запрацаваў маркетплэйс для беларускіх тавараў — на роднай мове1

У Магілёве чалавек павіс на балконе, ратуючыся ад пажару

Гэты студзень быў самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў

Вось як сілавікі атрымалі доступ да бота «Беларускага Гаюна»21

У Польшчы скончылі ўстаноўку электрычнага бар'еру на дзвюх рэках на мяжы з Беларуссю3

Перавыдалі знакамітыя ўспаміны Ларысы Геніюш пад новай назвай

Бот Беларускага Гаюна быў узламаны. Хто туды пісаў — пад пагрозай38

Андрэй Стрыжак папярэдзіў пра паглыбленыя праверкі для тых, хто выязджае з краіны6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У гатэлі стаіць ахова толькі з-за таго, што ты белай расы». Як беларус працаваў у В'етнаме, Зімбабвэ і Філіпінах

«У гатэлі стаіць ахова толькі з-за таго, што ты белай расы». Як беларус працаваў у В'етнаме, Зімбабвэ і Філіпінах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць