Культура

«Ты хочаш казаць «мы», але кажаш «яны». Мастачка расказала, як шукае стымулы для творчасці ў адрыве ад месца сілы

Як супрацьстаяць траўмам, навошта патрэбныя творцы і што дае асалоду ў эміграцыі, выданню «Салідарнасць» расказала мастачка Цемра (Дар’я Сямчук), якая цяпер жыве ў Польшчы.

— Дар’я, адзін з вашых праектаў называецца «Ампутацыя каранёў». Вельмі гучная назва і адразу накатвае боль. Ці магчыма ўвогуле такая ампутацыя і чаму, на ваш погляд, яна неабходная?

— Дык ампутацыя ж не добраахвотная (усміхаецца). Ты трапіў у нейкае становішча, і гэта ўжо лекары прынялі такое рашэнне, ты ніяк не можаш паўплываць на гэта. Яна сталася, і ты зараз жывеш з гэтым.

Я ж не самавольна сабе нешта адсекла. Але я ўсё адно спрабую цягнуць свае карані, бо ў мяне не атрымліваецца інакш.

Працягваю рабіць нешта беларускае, для беларускай аўдыторыі. Але яна амаль не купляе карціны, бо ў эміграцыі шмат у каго пытанні з жытлом і з заўтрашнім днём наогул.

Таму я зараз быццам на ростанях. З аднаго боку, нацыянальныя адрозненні дадаюць свету прыгажосці, яскравасці. З другога — неабходна ж і зарабляць грошы. Таму трэба знайсці такі шлях, каб рабіць сваё, але каб ты быў пачуты і іншымі.

«Калі цяпер не дадаць сілы беларускаму — праз 7-10 гадоў не застанецца людзей, якія будуць гэта ўсё цягнуць»

— Мае працы больш такія музейна-галерэйныя. Адзінае, што можа набываць большасць беларусаў — невялічкія рэчы, а я такія не раблю. Часцяком у людзей нават няма ўяўлення, што карціны трэба купляць.

Першапачаткова, канешне, мастак сам для сябе ўсё гэта робіць, разумеючы, што калі ёсць мастакі — ёсць нацыя. Ва ўсіх нацыянальнасцях. Ідзеш у польскі музей — яны ганарацца польскімі мастакамі. Але ж калі гэтыя мастакі жылі — мала хто іх падтрымліваў. А потым, калі яны ўжо штосьці ў спадчыну далі — тады пачынаецца: «Ой, як крута! Цяпер ты маладзец, цяпер ты наш герой!»

Калі я выказваюся на гэтую тэму, мне кажуць, што мастакі самі вінаватыя, бо не расказваюць пра сябе і свае патрэбы. І гэта праўда.

Беларускаму мастаку зараз трэба проста выжываць у эміграцыі. І калі ты павінен яшчэ неяк сябе прасоўваць — не ва ўсіх хапае сіл. Але калі цяпер не дадаць сілы беларускаму — праз 7-10 гадоў не застанецца людзей, якія будуць гэта ўсё цягнуць.

«Мне адказалі, што насельніцтва і так вельмі стомленае і хоча больш вясёлага»

— У эміграцыі вельмі цяжкае становішча, зрабіць выставу беларускаму мастаку складана. 

— Але ў 2023-м у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбылася ваша выстава LAZARET. Няўжо там ніводнай карціны не набылі?

— Музей Вольнай Беларусі — гэта проста пляцоўка, яна не мае ніякіх пакупнікоў. А ў польскай галерэі ў мяне не атрымалася зрабіць выставу. І калі я запытала чаму, мне адказалі, што насельніцтва і так вельмі стомленае і хоча больш пазітыўнага наратыву.

Але ў выніку мае працы ўсе ж такі прадаюцца, ёсць інстаграм. Я раблю карціну, але яна прадаецца праз год-паўтара.

Насамрэч трэба выхоўваць грамадства. Віктар Бабарыка пачаў гэтую справу, ён папулярызаваў мастацтва праз выставы, казаў, што гэта важна, даў дарогу таксама і мне.

Цяпер, здаецца, у нас нічога ужо няма: няма дзяржавы, няма падтрымкі, і мы самі павінны неяк разумець, што гэта варта рабіць самім. Вы нават не ўяўляеце, якое ў мастака шчасце, калі ў яго купляюць карціну.

Людзі прыходзяць на выставу, на якую мастак паклаў амаль што не ўсё сваё здароўе і грошы. Але ж наведвальнікі проста глядзяць: «Ой, файна, прыкольна!» І ўсё. Але ж калі раз за разам толькі «проста глядзець» — для мастака гэта можа вельмі кепска скончыцца.

— Вы пішаце, што вашыя карціны ўспрымаюцца як жывая істота, упрыгожаная ранамі і шнарамі, намаляваная з рэалістычнай праўдзівасцю. Але зараз многім сапраўды баліць, шмат хто нават не можа ўспрымаць негатыўны парадак дня і візуал, бо невыносна. Што на такое кажаце?

— Я не ствараю нешта брыдотнае, бо заўсёды хаваю глыбокі сэнс у нешта больш-менш эстэтычнае. Таму да сябе ў мяне няма пытанняў. Так, я прывабліваю гледача незвычайным візуалам, але ж далей кожны сам знаходзіць патрэбныя яму сэнсы.

Немагчыма вырашыць праблемы і каб наш голас пачулі, калі мы проста закінем гэтую тэму. Разумею, камусьці і гэта занадта. Але я сур’ёзна стаўлюся да сусвету. Гляджу навіны і ў сваёй творчасці кажу пра агульны людскі боль. Інакш не магу.

І дакладна ведаю, што калі мае працы завезці ў Парыж, яны будуць успрынятыя добра. Тыя людзі вельмі далёкія ад тэмы болю, бо там наладжанае жыццё. І таму яны маюць рэсурс задумацца: а як іншыя нацыянальнасці выжываюць?

Наша, беларуская, наогул больш за 100 гадоў проста змагаецца за жыццё. Мы не бачылі пункту росквіту. Усё, што ты робіш — проста выжываеш.

Праз сваю творчасць я насамрэч шаную ахвяр, якія паклалі жыццё, каб у нас штосьці было. Маё сумленне не дазваляе забыць людзей, якія змагаліся да мяне і нават не ведалі, што такое добра.

Таму ў мяне заўсёды быў і застаецца толькі адзін мой дом, мая Беларусь, і я пакуль не належу да нейкай іншай краіны. Без гэтай памяці немагчыма пабудаваіць нешта сваё.

Я заўважаю чалавечы боль і хачу сказаць людзям, што я яго бачу, не толькі свой. Шмат людзей закрываюцца ад чужога болю. А я яго бачу, і мне сапраўды шкада людзей.

Мне падаецца, што калі людзі заўважаюць, што іх боль яшчэ каму-небудзь бачны, — адразу робіцца крышачку лягчэй. І такім чынам мы можам пераадолець усе выпрабаванні.

Мае працы дзеля таго, каб чалавек паглядзеў і зразумеў: «Я не адзін!» І такім чынам мы нешта будуем наперад.

«Спачатку я не магла выціснуць з сябе ніводнага гука»

— Вы самі з Гародні і не збіраліся з’язджаць, нават у Менск. Наколькі балючай атрымалася эміграцыя і што ў ёй самае цяжкае?

— Якая б ні была цудоўная Польшча, ты тут не маеш дачынення ні да чаго. Гэта пра тое, што ты хочаш казаць «мы», але кажаш «яны». Зараз у Варшаве пабудавалі Музей сучаснага мастацтва, «яны пабудавалі». Бо адчуванне сапраўднага жыцця ўзнікае, калі гэта «мы зрабілі». Пабудавалі, зладзілі нешта ці нават проста сустрэліся.

Таму я працягваю расказваць беларускую гісторыю, каб мы мелі нейкія візуальныя пацвярджэнні, што мы вось тут, і што мы ёсць насамрэч. То-бок мы існуем.

Мая мэта — каб гэта таксама было цікава пачуць і іншым народам. Такі вось мой шлях адчуваць сябе добра.

Што вам дапамагае, калі зусім кепска і нічога не хочацца?

— Я вучуся спяваць беларускія народныя песні. У мяне ёсць настаўніца, якая дапамагла адчуць моц спеваў.

Спачатку мяне навучала Руся, якая казала: «Трэба, каб голас прарэзаўся!» І гэта праўда, зараз я адчуваю, што ў мяне ёсць голас. Да таго — не. Яна зладзіла беларускі хор дзяўчат і навучыла нас спяваць.

Спачатку я не магла выціснуць з сябе ніводнага гука, была вельмі скаваная. Але ж спевы дапамагаюць разнявольваць заціснутую ад стрэсу дыяфрагму. Нават фізічна адчуваеш сябе лепш.

І калі я праз боль пачала спяваць, зразумела, што мая асоба быццам нават пашырылася. Чытаеш тэкст песні і маеш дачыненне да людзей, якія спявалі яе калісьці. І адразу адчуваеш падтрымку!

Насамрэч я не адна, у мяне шмат сяброў, таксама беларусаў у эміграцыі. Але ўсе мы часам адчуваем тут нейкую самотнасць. Няма могілак, ты не можаш нікуды прыйсці, прытуліцца. Няма месца сілы, няма дзе набрацца сіл. І трэба толькі іх аддаваць.

Заўважыла, што аддаю сілы нават проста выходзячы на вуліцу. Бо я не жыву і не атрымліваю асалоду, а прабіраюся і выжываю. І вось калі ты пачынаеш спяваць, быццам усе твае продкі стаяць побач з табой і падтрымліваюць.

— А дзе вашае месца сілы?

— Я вельмі люблю родную Гародню, але таксама і Браслаў, да якога прырасла энергетычна. Вельмі люблю Ельню, цудоўныя балоты.

Яшчэ добра сябе адчуваю ў Вільні. Там шмат аднолькавага з Гародняй, мо таму, што яны знаходзяцца недалёка адзін ад аднаго.

Нават дамы ў Вільні пабудаваныя з цэглы, як у Гародні. І на могілкі можна схадзіць, дзе пахавана шмат беларусаў.

Неяк там усё па-роднаму, за гэткія простыя рэчы зараз і трэба трымацца. Таму што я не цешу сябе надзеяй, што хутка ўсё дрэннае скончыцца. Жыву, і стараюся вучыцца наноў адчуваць сапраўднае жыццё і яго асалоду.

Каментары

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ваш тэлефон упаў у шахту ліфта?5

Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць2

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях9

У Пецярбургу музыка выкінуўся з 10-га паверха, калі да яго прыйшлі з ператрусам за «фінансаванне УСУ»7

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах1

У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт11

Трамп плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні12

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне32

Чаму высокі ціск не дазваляе расійскім Суперджэтам лятаць? Хоць для Боінга гэта не праблема23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць