У Мінску пабачыла свет кніга Андрэя Шула-Сянчэўскага, у якой упершыню надрукаваныя слоўнікі Івана Грыгаровіча, Фёдара Шымкевіча і Аляксандра Станкевіча, укладзеныя аўтарамі ў ХІХ стагоддзі, паведамляе Bellit.info.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_09/376406645_323200230221149_4555510291209406955_n-1233x1536-1n2go.jpg.webp)
Як тлумачыць аўтар-укладальнік Андрэй Шула-Сянчэўскі, у выданні змешчаны артыкул з археаграфічным аналізам рукапісу, уступ да слоўніка Івана Грыгаровіча і сам слоўнік на літары А, Б, В (толькі гэтыя літары слоўніка захаваліся да сёння).
Таксама тут жа апублікаваныя дадаткі да слоўніка (сярод якіх незавершаны і нявыдадзены слоўнік Аляксандра Станкевіча — 553 словы) і асобны рукапіс Збору словаў літоўска-беларускай гаворкі Фёдара Шымкевіча (2163 словы). У кнізе 416 старонак.
Карткі, матэрыялы і рукапісы былі даступныя даследчыкам у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, але ніколі не выходзілі асобным выданнем.
Наклад кнігі — 99 асобнікаў. Выданне будзе даступнае для пакупнікоў «Акадэмкнігі» ў Мінску.
Каментары