Спрабуючы выканаць даручэнні Лукашэнкі, дадзеныя 6 кастрычніка 2022 года на нарадзе з эканамічным блокам, урад выдаў ужо некалькі пастаноў, якія тым ці іншым чынам датычаць «расчлянёнай курыцы». Але, відаць, праблемы застаюцца, бо Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю днямі прыняло яшчэ адну.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_10/kurica-s-lukom-na-skovorode-jarenaya_1558013676_1_max-kh71h.jpg.webp)
У Нацыянальным рэестры прававых актаў зарэгістраваная пастанова МАРГ №5 ад 9 студзеня пад назвай «Аб рэгуляванні цэн на мяса курэй, куранят бройлераў ў выглядзе частак тушкі».
Праўда, дакумент яшчэ афіцыйна не апублікаваны, яго змест пакуль невядомы.
У канцы снежня Савет міністраў ужо перагледзеў папярэднюю сваю забарону на разразанне птушкі ўласнай вытворчасці ў крамах. Новай пастановай крамам дазволілі гэта рабіць з любой птушкай, акрамя курэй і куранят бройлераў.
На нарадзе 6 кастрычніка Лукашэнка асобна спыніўся на тым, што вытворцы мяса птушкі, абыходзячы механізмы рэгулявання цэн, якія дзейнічалі ў краіне, павышаюць кошт курынай раздзелкі ў параўнанні з цэлымі тушкамі кураняці.
«Бачыце, быў хлеб, кураня — з'явіўся новы тавар! Расчлянілі дохлую курыцу, увапхнулі ў поліэтыленавы пакет — новы тавар!» — абураўся тады Лукашэнка. Пасля таго «расчлянёная курыца» стала мемам, а чыноўнікі ўжо некалькі месяцаў баяцца зрабіць штосьці такое, што можа быць расцэненае як дзеянні насуперак словам найвышэйшага начальніка.
Каментары