У Лазанскім універсітэце дагэтуль ганаровым доктарам Мусаліні. І пазбаўляцца яго не хочуць
Лазанскі ўніверсітэт у Швейцарыі адмовіўся пазбаўляць былога дыктатара Італіі Беніта Мусаліні звання ганаровага доктара, хоць і прызнаў, што яго прысуджэнне больш за 80 гадоў таму было «сур'ёзнай памылкай». Пра гэта піша Reuters.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_06/universite_de_lausanne-wj30h.jpg.webp)
Група экспертаў, якая разглядала сітуацыю, прызнала, што прысуджэнне Мусаліні звання ганаровага доктара «было сур'ёзнай памылкай з боку акадэмічнага і палітычнага кіраўніцтва» тагачаснай Швейцарыі.
«Гэта званне з'яўляецца легітымізацыяй крымінальнага рэжыму і яго ідэалогіі», — гаворыцца ў справаздачы экспертнай групы.
У той жа час яна не рэкамендавала адмяняць званне Мусаліні, паколькі гэта магло б стварыць фальшывае ўражанне, што першапачатковае рашэнне можна «выправіць сёння».
Лазанскі ўніверсітэт, у сваю чаргу, заявіў, што адмена звання ганаровага доктара для Мусаліні магла б выклікаць абурэнне з-за таго, што ўстанова спрабуе сцерці сваё фальшывае мінулае.
«Замест таго каб адмаўляць або сціраць гэты эпізод, які з'яўляецца часткай гісторыі, кіраўніцтва Лазанскага ўніверсітэта хоча, каб ён служыў пастаянным папярэджаннем», — гаворыцца ў заяве навучальнай установы.
Беніта Мусаліні лічыцца заснавальнікам фашызму — таталітарнай ідэалогіі, на якой засноўвалася палітычная сістэма Італіі ў 1920-1940-х гадах. У біяграфіі Мусаліні быў швейцарскі эпізод — ён жыў у гэтай краіне з 1902 па 1904 год. Званне ганаровага доктара Лазанскі ўніверсітэт прысвоіў яму за «стварэнне і ўвасабленне на радзіме сацыяльнай арганізацыі… якая пакіне глыбокі след у гісторыі».
Каментары