Маці пяцёх дзяцей Іна Дабратвор пасля вялікіх штрафаў з'ехала ў Польшчу
Муж кажа, што жонка з'ехала часова ў спадзеве знайсці годную працу, паведамляе «Радыё Свабода».
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2021_04/f1055e3a-0283-4985-98e4-76549aae4226_cx16_cy3_cw77_w1023_r1_s-1s3q8.jpg.webp)
Іну Дабратвор судзілі адразу па трох пратаколах ч. 3 арт. 24.23 КаАП. Падставай сталі партрэты Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і выява «Пагоні» на вокнах уласнай кватэры.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2021_04/akno-hwnel.jpg.webp)
Суддзя Заводскага раёна Мінска Алена Някрасава расцаніла гэта як несанкцыянаваны пікет і прысудзіла жанчыне штраф у памеры 200 базавых велічынь — 5800 рублёў.
Мінскі гарадскі суд 19 красавіка скараціў памер спагнання на 50 базавых (на 1450 рублёў). Інтарэсы жонкі прадстаўляў Ілля Дабратвор, бо жанчына пасля судовага рашэння часова выехала ў Польшчу ў спадзяванні знайсці годную працу.
«Ад’езд быў пазапланавы. Тое цкаванне, што ўчынілі сілавікі, вымусіла эвакуявацца… Паводле закона ў нас ёсць змякчальныя абставіны, аднак Заводскі суд прызначыў максімальнае пакаранне. Нават для беларускіх судоў гэта шмат», — сказаў Ілля Дабратвор «Беларускаму партызану».
Па яго словах, для шматдзетнай сям’і, у якой абодва бацькі працуюць журналістамі-фрылансерамі, 5800 рублёў — гэта астранамічная сума. Нават 150 базавых [4350] у «сацыяльнай дзяржаве» вельмі шмат. Штрафы адпавядаюць узроўню даходаў амерыканцаў, хоць Беларусь пакуль не штат ЗША, іранізуе Ілля Дабратвор.
Каментары