Меркаванні126126

Сем рэчаў, якія робяць Беларусь камфортнай для жыцця краінай — абмяркоўвайце!

Такія рэйтынгі звычайна складаюцца з негатыўных фактаў. І гэта лёгка і прадказальна. Беларусь — сусветны лідар па ўжыванні алкаголю і тытуню, адзін з сусветных лідараў па колькасці суіцыдаў, у рэйтынгу шчасця наша краіна на адным з апошніх месцаў у Еўропе, дадаць нязменнасць улады, малыя заробкі і патрэбу візаў для паездак у Шэнгенскую зону, то ўвогуле выходзіць не самая прывабная карціна. Аднак жа Беларусь — гэта не суцэльны змрок. Ёсць рэчы, дзякуючы якім наша краіна робіцца камфортнай для грамадзян.

Даступная медыцына

Зусім свежы выпадак: малады журналіст Франак Вячорка гуляў у Нью-Ёрку ў футбол, супернік зламаў яму нагу. У выніку дактары выставілі рахунак у 104 тысячы даляраў. Адзін дзень знаходжання ў шпіталі абыходзіцца ў 4,5 тысячы даляраў. Выклік хуткай — 5 тысяч.

На гэтым фоне беларуская мадэль сферы аховы здароўя выглядае прывабна. Нашы людзі звыкліся крытыкаваць медыкаў, але трэба адзначыць, што за апошнія гады айчынная медыцына зрабіла некалькі крокаў наперад як у пытаннях абсталявання бальніц, хуткасці рэагавання на выклікі, гэтак і ў стаўленні лекараў да пацыентаў.

Канадзец Біл Джонс, які пасля шлюбу з беларускай пераехаў у Мінск, казаў, што пад вялікім уражаннем ад беларускай медыцыны. «Каб спраўдзіць зрок, у Канадзе мне трэба чакаць некалькі месяцаў, — кажа Біл. — А тут я магу прыйсці на прыём да афтальмолага ў той жа дзень».

Канечне, існуе востры недахоп самых розных спецыялістаў у правінцыі, але падобныя праблемы ўзнікаюць і ў больш развітых краінах свету.

Пра поспехі беларускай медыцыны могуць сведчыць аб’ектыўныя лічбы. Напрыклад, найніжэйшы ўзровень дзіцячай смяротнасці. Ці працэнт здаровых дзяцей, якія нараджаюцца ў ВІЧ-інфікаваных бацькоў. Гэты паказчык вышэйшы, чым у Расіі, у сем разоў.

Крытыкі могуць запярэчыць, а як жа працягласць жыцця? А тут, на жаль, не ўсё залежыць ад медыцыны, сваю ролю граюць шкодныя звычкі беларусаў. Беларускі жывуць доўга, а вось век мужчыны-беларуса кароткі.

Высокі ўзровень бяспекі

Фота xan_13.livejournal.com.

У беларускіх гарадах вы не знойдзеце кварталаў, у якіх вечарам рызыкоўна выходзіць на вуліцы. А такія ёсць не толькі ў Афрыцы і Паўднёвай Амерыцы, але і ў еўрапейскіх сталіцах і мегаполісах. У Мінску, Берасці ці Жодзіне бяспечна гуляць як удзень, гэтак і ўначы. Нават падлеткам. Рызыка нарвацца на бандытаў, якія адбяруць кашалёк, тэлефон, мінімальная.

Колькасць забойстваў у Беларусі ўсё яшчэ вялікая, але адбываюцца яны ў асноўным сярод знаёмых, падчас п’янак, сямейных скандалаў. Гарэлка і «чарніла» тут робяць сваю чорную справу.

Працуюць сацыяльныя ліфты

Фота Svaboda.org.

Усё пачынаецца з даступнасці дзіцячых садкоў. Нават у Еўропе многія краіны не вырашылі гэтую праблему, у дзяржаўныя садкі трэба запісвацца ледзьве не ад нараджэння. Калі не атрымалася, то шукай садок прыватны з высокай аплатай. Такія праблемы ў нас ўзнікаюць хіба што ў новых мікрараёнах, але ў такіх выпадках найчасцей вас перакінуць на пару прыпынкаў грамадскага транспарту, але ніяк не ў іншы канец горада.

Далей гэта праходзіць праз школьную адукацыю і ўніверсітэты. Калі казаць груба, то ў ЗША з найбяднейшых пластоў насельніцтва вучобу ва ўніверсітэтах і каледжах могуць дазволіць сабе толькі самыя таленавітыя ў вучобе ці спорце. А ў Беларусі — і вучні сярэдніх здольнасцяў. Адукацыя ў нас альбо дармавая, альбо не за самыя вялікія грошы.

Вясковец ці дзіця сям’і з невысокім прыбыткам можа зрабіць сабе імклівую кар’еру і не сустрэць істотных перашкодаў. Навошта далёка хадзіць, можна паглядзець на прыклад кіраўніка краіны, які вырас без бацькі, а маці працавала на калгаснай ферме.

Даступнасць вады

ААН робіць штогадовыя справаздачы па даступнасці пітной вады ў краінах свету. Беларусь займае адно з першых месцаў рэйтынгу. Доступ маюць больш за 99% насельніцтва.

Беларуская вада якасная і смачная. Яе, з артэзіянскіх свідравін, не толькі можна, але і рэкамендуецца піць з-пад крана. Гэта, дарэчы, універсальная праблема для еўрапейскіх краін. Некалькі гадоў назад даводзілася чуць у Празе, што людзі таксама баяцца піць ваду з-пад крана, лічаць яе няякаснай і шкоднай. Гарадскія ўлады і грамадскія арганізацыі праводзілі адукацыйныя мерапрыемствы, каб зноў прывучыць людзей не купляць ваду ў пластыкавай тары ў магазінах.

У суседніх Расіі (другое месца ў свеце па запасах пітной вады) і Украіне сітуацыя з доступам людзей да вады горшая. Нават у Польшчы горшая, калі верыць ААНаўскім звесткам.

Інфраструктура і танны транспарт

Мінск — рэдкая сталіца ў свеце, якая фактычна раўнааддаленая ад астатніх рэгіёнаў краіны. Не трэба здзяйсняць цяжкія падарожжы з аднаго канца краіны ў іншы. У гэтым плане Беларусь вельмі кампактная і зручная. Сеў у цягнік — і праз тры-чатыры гадзіны ты будзеш у Брэсце ці Гомелі.

Тое самае тычыцца і Мінска, які ўваходзіць у дзясятку найбуйнейшых сталіц Еўропы. Але, каб дабрацца ў цэнтр з любой ускраіны горада, дастаткова трыццаці-сарака хвілін. Столькі сама займае дарога, скажам, з Каменнай Горкі ў Шабаны, бо існуе хуткасная МКАД.

Замежнікі яшчэ часта адзначаюць таннасць, камфортнасць і пунктуальнасць Беларускай чыгункі. Даехаць да Брэста з Мінска каштуе менш за 5 еўра. А, напрыклад, каб даехаць з Лісабона ў Порту, трэба аддаць больш за 20 еўра. А як яшчэ еўрапейцы балдзелі ад нашых плацкартаў, дзе можна паспаць! 

Чатыры пары года і няма стыхійных бедстваў

Фота Юліі Бальцэвіч.

Клімат Беларусі, канечне, горшы за міжземнаморскі ці каліфарнійскага ўзбярэжжа, але мае і свае безумоўныя плюсы. У Беларусі, як мала дзе яшчэ, вельмі выразна адчуваюцца ўсе чатыры пары года. Снежная зіма, лагодная вясна, спякотнае лета, залатая восень. Проста рай для аматараў інстаграмаў. Ніяк не засумуеш ад аднастайнасці.

У нас няма мора і гораў, і гэта безумоўны мінус. Але разам з тым, Беларусь не пакутуе ад прыродных катаклізмаў, такіх, як землятрусы ці тайфуны.

Лес займае пад 40% тэрыторыі краіны — гэта адзін з найбольшых паказчыкаў у свеце. А дзе лес, там ягады, грыбы, звяры і птушкі. Гэтага дабра і хараства ў нас столькі, што мы часам перастаем ім даражыць.

Прыгажосць людзей

Фота Сяргея Гудзіліна.

Гэта ўсё суб’ектыўна, але прызнайцеся: пасля вяртання з замежжа ў вас не бывала такога, што, едучы ў грамадскім транспарце ці ідучы па вуліцы, звяртаеш увагу, наколькі шмат навокал прыгожых людзей? У якой краіне ці горадзе яшчэ можна сустрэць такую канцэнтрацыю прыгажунь?

Замежнікі хваляць дзяўчат, а вось іншаземкі таксама высока ацэньваюць беларускі мужчынскі «генафонд».

А ўвогуле ўсміхніцеся: у Беларусі жыве ўсяго 0,13% зямлян. Значыць, вашы шанцы нарадзіцца ў Беларусі, а не ў іншай краіне, былі роўныя прыкладна 0,13%. Гэта як выйграць у латарэю.

Каментары126

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ваш тэлефон упаў у шахту ліфта?5

Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць2

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях9

У Пецярбургу музыка выкінуўся з 10-га паверха, калі да яго прыйшлі з ператрусам за «фінансаванне УСУ»7

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах1

У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт11

Трамп плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні12

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне32

Чаму высокі ціск не дазваляе расійскім Суперджэтам лятаць? Хоць для Боінга гэта не праблема23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць