«Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў» выдадзены у якасці навучальнага матэрыялу ў цэнтры замежных моў Цукубскага ўніверсітэта (Японія).
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2016_03/spr2-oox0t.jpg.webp)
«Хацела б падзяліцца з усімі добрай навінаю:) Нарэшце выйшаў з друку падручнік «Спрабуйма!: Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў. Частка I», які я сумесна напісала са спадарыняй Таццянай Рамзай (дацэнт БДУ) пад рэдакцыяй спадара Тасінобу Усуяма (прафесар Цукубскага ўніверсітэта)», —паведаміла вядомая многім беларусам Сіёры Кіёсава.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_05/japan3005-ngw2o.jpg.webp)
Падручнік складзены на аснове распрацаваных матэрыялаў па прадмеце «Славянскія мовы і культуры», які выкладаўся на факультэце гуманітарных навук Цукубскага ўніверсітэта ў 2015 г. Падручнік упершыню ў Японіі падрыхтаваны ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй беларускага правапісу, які быў прыняты ў 2008 г.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2016_03/spr1-h7ecu.jpg.webp)
«Увогуле кніга з’яўляецца, відаць, першым практычным падручнікам пачатковага курса беларускай мовы ў Японіі, — піша Сіёры Кіёсава. — Пры выданні гэтага падручніка неацэнную дапамогу аказалі мне мае паважаныя настаўнікі з Японіі і Беларусі: прафесар Тасінобу Усуяма (прафесар Цукубскага ўніверсітэта, рэдактар кнігі) і спадарыня Таццяна Рамза (дацэнт БДУ, сааўтар кнігі). Хацелася б шчыра падзякаваць гэтым маім паважаным настаўнікам у Японіі і Беларусі, якія заўсёды падтрымліваюць мяне ў маіх пачынаннях. А таксама я вельмі ўдзячная тым людзям, са знаёмства з якімі пачалося маё вывучэнне беларускай мовы».
«Падручнік атрымаў цудоўную назву «Спрабуйма!». Спадзяюся, што гэтая першая «спроба» вывучэння беларускай мовы кожным зацікаўленым японскім чытачом перарасце надалей у глыбокую цікавасць да культуры, гісторыі ды іншых разнастайных прывабнасцей Беларусі», — піша японка Сіёры Кіёсава.
Чытайце пра яе таксама:
Каментары