Культура151151

Алесь Краўцэвіч: Ліцвінства — выдумка ворагаў, якую падтрымалі дурні

Пра імперскую палітыку, небяспекі ліцвінства і гістарычныя фэйкі апавядае гісторык-медыявіст Алесь Краўцэвіч, які нядаўна выдаў другую частку сваёй «Гісторыі ВКЛ».

У гэтай частцы кнігі апісваюцца падзеі ад каранацыі Міндоўга да смерці Альгерда. Наступная кніга ў серыі выйдзе пад назвай «Крызіс улады» і будзе прысвечана жарсцям палітычнай барацьбы паміж Ягайлам ды Вітаўтам з Кейстутам. Мы гутарым з Алесем Канстанцінавічам пра герояў кнігі, гістарычныя паралелі ды ролю гісторыі ВКЛ для беларускага грамадства сёння.

«Наша Ніва»: У грамадскай свядомасці Альгерд і Кейстут адступаюць на другі план перад Вітаўтам, наколькі заслужана?

Алесь Краўцэвіч: Пра Вітаўта больш вядома гісторыкам. Ды і слава такая цалкам заслужаная: акурат пры ім дзяржава выйшла на вяршыню магутнасці. Вітаўт і на тыя часы меў велізарны аўтарытэт у Еўропе.

У нашым беларускім кантэксце існуе такі стэрэатып пра «нядобрага» Ягайлу і «добрага» Вітаўта. У мяне таксама такі стэрэатып сядзіць у галаве… Але калі я ўжо буду рабіць працу па Вітаўту, чытаць дакументы — там і паглядзім, як было насамрэч.

Альгерд «ані піва не піў, ані квасу…»

«НН»: Мы часта апелюем да сухіх фактаў, датаў, тэкстаў пагадненняў, а ці раскрываюць дакументы 600—700-гадовай даўніны чалавечыя рысы таго ж Альгерда альбо Кейстута?

АК: Вядома. Акрамя навуковага сінтэзу, я спрабую пісаць і біяграфіі вялікіх князёў літоўскіх. Дакументы фіксуюць і выказванні, і дзеянні гэтых асобаў, адкуль мы даведваемся, што ж гэта былі за людзі.

Напрыклад, Кейстут зрабіў у Вільні пераварот і аддаў уладу старэйшаму брату Альгерду. Далей — ён працягваў захоўваць сістэму дуумвірату і пасля смерці Альгерда, хоць мог заняць яго месца. Мы бачым, што чалавек ставіў інтарэсы дзяржавы вышэй за свае асабістыя. Сведчыць пра характар? Сведчыць.

Пра Альгерда пішуць летапісы: «Ані піва не піў, ані квасу, ані якога іншага ап’яняючага пітва. Таму мудрасцю ўсіх пераўзыходзіў». Там жа пішацца, што Альгерд быў такі скрытны, што калі збіраўся ў паход, дык не тое што дружыннікі, але нават ваяводы не ведалі да апошняга, куды будзе паход. А гэта ўжо пра выдатныя здольнасці тактыка.

Мы аказаліся шчытом Еўропы перад Расіяй

«НН»: Ці можна ВКЛ лічыць імперыяй? І ці ёсць тады ў крыві беларусаў свой імперскі ген?

АК: Імперыя — гэта цалкам асобны стан дзяржавы. Мажліва, Вялікае Княства набліжалася да такога стану ў часы Вітаўта, але не ўтрымалася на гэтай пазіцыі. Але калі казаць пра Русь, то пазіцыя ВКЛ канечне была імперскай. Гэта і ўплывы на вялікую прастору, і распаўсюд «імперскай» старабеларускай мовы, на якой пісалі нават у Малдове. Можна хутчэй сказаць, што гэта імперыя, якая да канца не адбылася.

«НН»: Ёсць думка, што Беларусь нечым нагадвае Аўстрыю. Краіна-спадчынніца вялікай у мінулым імперыі, якая згубіла свой патэнцыял і наўпрост стамілася. Ці можна сказаць, што беларусы сваю пасіянарнасць пакінулі ў мінулым?

АК: Можна параўнаць і з Англіяй, якая таксама адмовілася ад імперыі. Я калі быў у Лондане, то заўважаў, з якой іроніяй ангельцы ставяцца да свайго імперскага мінулага. Але хто скажа, што Англія сёння — не ўплывовая краіна?

Калі казаць пра беларусаў, то тут сітуацыя выключная ў геапалітычным плане. Менавіта мы, а не Польшча, аказаліся шчытом Еўропы перад Расеяй. Дзвесце год мы стрымлівалі гэтую азіяцкую імперыю і за гэта паплаціліся: імперыя нас паглынула цалкам.

Тое, што Аўстрыя страціла сваю імперыю адной з першых, пасля Першай сусветнай вайны, было вынікам, як ні дзіўна, талерантнай палітыкі да народаў, якія былі ў яе складзе. Фармальна ўсе народы ў імперыі былі роўныя…

«НН»: Як і ў ВКЛ.

АК: Так, як і ў ВКЛ. Аўстрыякі падтрымлівалі культурную аўтаномію частак імперыі. Прыклад той жа Галіцыі, дзе аўстрыйцы не душылі, а, наадварот, падтрымлівалі ўкраінскую ідэнтычнасць, добра вядомы. Праўда, рабілася гэта, каб нейтралізаваць польскі рух, але ж рабілася! У выніку такой палітыкі імперыя не вытрымала. У Расеі ж, наадварот, — душылі ўсе праявы іншай ідэнтычнасці…

Але я б не стаў казаць, што беларусы — гэта «стары» народ. Наша нацыя хутчэй перажывае дзяцінства, якое зацягнулася.

Ермаловіч памыляўся ва ўсім

«НН»: Расійскія шавіністычныя рэсурсы ў інтэрнэце ў якасці сваіх ворагаў у Беларусі выводзяць «ліцвінаў» — амаль як бандэраўцаў ва Украіне…

АК: Усё, што адбываецца за часам панавання Лукашэнкі, можна акрэсліць як «ціхую акупацыю», альбо «ментальную акупацыю». Гэта і разбурэнне нацыянальнай беларускай ідэалогіі, у тым ліку праз фінансаванне Расіяй праектаў і сайтаў, розных «цытадэляў» ды «імперыяў»…

Цікава, што Расія падтрымлівае таксама рэгіянальныя праекты — тое ж «ліцвінства». Не ў разуменні, што «ліцвін» — гэта беларус, а ў разуменні, што, маўляў, мы літоўцы, маем вучыць літоўскую мову і злучацца з Літвой. Тое, чым да нядаўняга часу займаўся сп. Дзермант. Калі каротка, дык гэта выдумка нашых ворагаў, якую падтрымалі нашыя дурні.

З боку Расеі атакуецца тое «ліцвінства», якое з’яўляецца сінонімам беларускасці. Таму што гэта, як і любыя згадкі пра пераемнасць з ВКЛ, ментальнае і тэрміналагічнае аддаленне ад Расіі. Бо наш народ прыняў сучасную назву, канечне, пад прымусам Расіі.

«НН»: Вывучэнне і папулярызацыя гісторыі ВКЛ можа быць прышчэпкай ад «рускага міру»?

АК: Лічу, гэта вельмі моцная прышчэпка, бо яна фармуе гістарычную свядомасць і нацыянальную ідэалогію, значнай часткай якой з’яўляецца гістарычная памяць. Гэта апора на традыцыю дзяржаўнасці, якая была ў мінулым.

Нядаўна на гістарычнай канферэнцыі ў Мінску адзін расейскамоўны украінец з Кіева адзначыў: «Этнічная гісторыя Украіны прывяла да грамадзянскай вайны…» Я запратэставаў, бо калі б не было выкладання нацыянальнай гісторыі на працягу 25 год, то быў бы не толькі «Крымнаш», але і Харкаў, і Чарнігаў.

Украінцам за гэты час прышчапілі такі зарад нацыянальнай гісторыі — часам з перабольшваннямі, з Казацкай дзяржавай ажно да Мінска, — але прышчапілі! І гэта цяпер важны фактар у захаванні ўкраінскай дзяржавы. Але гістарычныя міфы варта канструяваць прафесійна, каб пасля не прыйшлося перарабляць, як міф Ермаловіча пра ВКЛ.

«НН»: А ў чым быў недакладны Ермаловіч?

АК: Ва ўсім. Няправільна лакалізоўваў Літву. Няправільна выводзіў прычыну стварэння ВКЛ — вайну… Я яго вельмі шаную асабіста, як будзіцеля памяці, але выходзіць з яго працамі на міжнародную арэну — гэта толькі ганьба. Як і з працамі Анатоля Тараса.

Для беларусаў — толькі па-беларуску

«НН»: Пашыраць гісторыю ВКЛ і Беларусі наогул можна толькі па-беларуску ці варта і па-расейску?

АК: Я лічу, што на тэрыторыі Беларусі — толькі па-беларуску. Свае кніжкі я адмаўляюся выдаваць па-расейску, хоць мне казалі: «яны пойдуць у Расею» — невядома ж… Для Літвы варта выдаць гісторыю ВКЛ па-літоўску, таксама як яны выдалі сваё бачанне па-беларуску. Для ўкраінцаў — па-ўкраінску, для палякаў — па-польску, для беларусаў — па-беларуску.

Бо чалавек, які не ў стане прачытаць гістарычны тэкст па-беларуску, жывучы ў Беларусі, увогуле гісторыяй не цікавіцца. На іх няма чаго марнаваць час. А вось дзяцей гэтых людзей у школе трэба навучыць як належыць.

«НН»: Кніжкі пра ВКЛ Анатоля Тараса альбо нават Вітаўта Чаропкі, выдадзеныя па-расейску, можна ўбачыць у кнігарнях — гэта недарэчнасці, на вашу думку?

АК: Гэта кан’юнктура, чыста фінансавыя справы, рынак. Я бачу сваёй задачай адукоўваць публіку, а людзі, якіх вы пералічылі, — хочуць зарабіць.

Пісаць як Тарасаў

«НН»: Выдаўцы беларускамоўнай гістарычнай літаратуры могуць напоўніць кнігарні альтэрнатыўным таварам?

АК: Пакуль мы не паспяваем, але гэта рэальна ва ўмовах стымуляцыі. Не абавязкова з боку дзяржавы. Такія рэчы можна было б рабіць на конкурснай аснове, адбіраць найлепшыя працы і выдаваць нармальнымі накладамі — некалькі на год. А гісторыкаў у нас, дзякаваць Богу, хапае.

Наша найбольшая хіба, што ў Беларусі няма каардынацыі гістарычнай асветы грамадства. Што такое сістэма гістарычнай навукі? Гэта дрэва. Карані — гэта фундаментальная навука, ствол — гэта адукацыя, крона — папулярызацыя. І тут усё звязана. Калі дрэннае карэнне — значыць, будзе слабы ствол. Няма лісця — значыць, паветра не хапае, і ўсё астатняе гіне.

«НН»: У нашых суседзяў выходзіць багата фэйкавай гістарычнай літаратуры для падтрымкі велічнага нацыянальнага міфа. Расейцы пішуць пра славянскія карані старадаўніх рымлянаў, украінцы — пра ўкраінскі характар Трыпольскай культуры… Ці прыйдзе час падобных фэйкаў ад беларускіх гісторыкаў?

АК: Я супраць такіх рэчаў. Хапае сапраўдных гістарычных фактаў, на аснове якіх можна пісаць папулярныя кніжкі і нават мастацкую літаратуру. Я супраць прафанацыі гісторыі, бо падманваць неабазнанага чытача — гэта як падманваць дзіця. І падобныя фэйкавыя рэчы робяць магчымым усё — любую выдумку. Гэта разбурэнне павагі да навукі.

Павінен быць моцны і таленавіты аўтар, як, напрыклад, Кастусь Тарасаў, светлай памяці. Чытаеш яго «Пагоню на Грунвальд» — і навукова, і па-мастацку. Трэба старацца рабіць папулярызацыю на прафесійным узроўні. Можна ж прыдумаць беларуса-героя, напрыклад, Грунвальдскай бітвы. Але каб ён апрануты быў як тады. Каб ён быў у харугве, якая рэальна была пад Грунвальдам. Каб ён махаў мячом пачатку XV ст. І каб маляваў гэта, напрыклад, Павал Татарнікаў. Гэта будзе лепш за ўсялякія фэйкі!

Алесь Краўцэвіч нар. у 1958. Доктар гістарычных навук, прафесар. Вывучае сярэднявечную гісторыю Беларусі. Жыве ў Гродне.

Каментары151

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ваш тэлефон упаў у шахту ліфта?5

Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць2

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях9

У Пецярбургу музыка выкінуўся з 10-га паверха, калі да яго прыйшлі з ператрусам за «фінансаванне УСУ»7

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах1

У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт11

Трамп плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні12

У які дзень у 2020-м маглі здарыцца перамены? Польскі дыпламат выдаў кнігу аб працы ў Беларусі і даў адказ на гэта пытанне32

Чаму высокі ціск не дазваляе расійскім Суперджэтам лятаць? Хоць для Боінга гэта не праблема23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым2

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць