«Здраднікі Радзімы панясуць непазбежную кару». Як выглядаюць галоўныя старонкі беларускіх дзяржаўных медыя на фоне мяцяжу ў Расіі
Прагледзелі, як беларускія дзяржаўныя медыя рэагуюць на супрацьстаянне паміж ПВК «Вагнер» і расійскім Мінабароны. У некаторых выступленне Лукашэнкі на ўчарашнім выпускным падаецца як куды больш значная падзея.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_06/1-qgfb9.png.webp)
БелТА
Гэты рэсурс публікуе інфармацыю аб падзеях, але прадказальна прытрымліваецца даных з праўладных расійскіх крыніц. Яны цытуюць прамову Уладзіміра Пуціна, прысвечаную гэтаму крызісу, адзначаюць, што супраць Яўгена Прыгожына была заведзена крымінальная справа «ў сувязі з заклікам да ўзброенага мяцяжу». БелТА адзначае, што паводле Прыгожына Мінабароны РФ ударыла па тылавых лагерах ПВК, але дзяржаўны рэсурс абвяргае гэтае сцвярджэнне са спасылкай на Маскву.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/11-h93hy.png.webp)
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/2-mvgw6.png.webp)
Таксама БелТА згадвае заклікі расійскага Мінабароны да вагнераўцаў «праявіць разважлівасць і выйсці на сувязь з прадстаўнікамі ведамства ці праваахоўных органаў». Яны спасылаюцца і на непацверджаную інфармацыю пра тое, што Мінабароны РФ нібыта ўжо «дапамагло» некаторым вагнераўцам «бяспечна вярнуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі».
Нарэшце БелТА цытуе аднаго з кіраўнікоў расійскай арміі на ўкраінскім фронце Сяргея Суравікіна: «Мы прайшлі цяжкі шлях, заклікаю спыніцца, падпарадкавацца волі прэзідэнта, вырашыць усе праблемы мірным шляхам».
«СБ. Беларусь сегодня»
Адно з галоўных прапагандысцкіх выданняў перадрукоўвае дайджэст апошніх падзей у Расіі, падрыхтаваны БелТА. Акрамя таго, рэсурс цытуе прамову Пуціна і выносіць у загаловак фразу: «Мы не дадзім паўтарыцца грамадзянскай вайне».
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/1-rn7ta.png.webp)
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/2-lqkyl.png.webp)
«СБ. Беларусь сегодня» адзначае, што ў шматлікіх рэгіёнах Расіі ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, згадвае заведзеную на Прыгожына крыміналку і абвяргае са спасылкай на расійскае Мінабароны сцвярджэнне, што яно атакавала тылавыя лагеры вагнераўцаў.
АНТ
Сайт аднаго з галоўных дзяржаўных каналаў імкнецца трымаць чытачоў у курсе расійскіх падзей — праўда, зноў са спасылкамі выключна на праўладныя крыніцы з РФ. АНТ неаднаразова цытуе прамову Пуціна: маўляў, «арганізатары мяцяжу здрадзілі славе байцоў «Вагнера», а таксама словы пра тое, «здраднікі Радзімы панясуць непазбежную кару». Адзначаюць яны і тое, што «Узброеныя сілы Расіі атрымалі неабходны загад на нейтралізацыю арганізатараў мяцяжу».
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/-we9pb.png.webp)
Асобна беларускае медыя адзначае заклік спікеркі расійскага МЗС Марыі Захаравай аб'яднацца: «Вы браты. Вы абараняеце не інтарэсы асобных людзей, а ўсіх нас. Вы абараняеце вашу агромністую сям'ю».
Але галоўная навіна на сайце АНТ — выступленне Лукашэнкі на ўчарашнім выпускным.
«Мінская праўда»
Рэсурс «Мінская праўда» піша пра падзеі ў Расіі даволі стрымана. Медыя адзначае, што ў Маскве, Маскоўскай і Варонежскай абласцях абвешчаны рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, а таксама цытуе прамову Пуціна. Рэсурс падкрэслівае, што Пуцін называе прыгожынскі мяцеж «ударам у спіну нашай краіне і нашаму народу».
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/1-osjlu.png.webp)
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/2-wjnhv.png.webp)
«Мінск-Навіны»
Дзяржаўны сайт навін, які збольшага піша інфармацыю пра Мінск, прысвяціў мяцяжу ў Расіі толькі адзін матэрыял у раздзеле сусветных навін. І гэта, як і ў выпадку з мінулымі рэсурсамі, згадка прамовы Уладзіміра Пуціна з абяцаннем у загалоўку не даць паўтарыцца грамадзянскай вайне.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_06/-w43q1.png.webp)
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Захоўвайце спакой!» Пасольства Беларусі ў Расіі паведаміла тэлефоны для экстраннай сувязі
Самалёт, якім карыстаецца сям'я Лукашэнкі, прызямліўся ў Турцыі — Motolko.help
Каментары