Беларускі офіс Фонду Конрада Адэнаўэра (KAS Belarus) у супрацоўніцтве з Лявонам Вольскім ажывілі вобраз нашага першадрукара Францыска Скарыны.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_12/2022-12-191914581-mnmlu.png.webp)
KAS Belarus выпускае музычныя кліпы некалькі разоў на год. Гэта дапамагае даносіць інфармацыю да шырокіх груп гледачоў. Гэтым разам фонд вырашыў паказаць гістарычную значнасць Беларусі для Еўропы, а таксама — іх адназначную ўзаемасувязь.
У 2022 годзе святкуецца 500 гадоў выдання «Малой падарожнай кніжыцы» Францыска Скарыны ў Вільні. Сталіца Літвы стала сапраўдным домам для многіх беларусаў, як і для Беларускага офіса Фонду Конрада Адэнаўэра. У гэтым горадзе пераплятаюцца многія беларуска-еўрапейскія гісторыі.
KAS Belarus дзеліцца гісторыяй стварэння кліпа:
«Мы адразу вырашылі, што European Superstar — гэта Францыск Скарына. Расказалі пра нашу ідэю Лявону Вольскаму, яму спадабалася, і ён далучыўся да праекта.
Нашай мэтай было зрабіць цікавы прадукт як для беларусаў, якія ведаюць пра Скарыну не з чужых слоў, так і для нашых замежных гледачоў.
Праз музыку і анімацыю мы вывелі Скарыну з кніжнага кантэксту, у якім многія беларусы прывыклі яго бачыць са школы. Мы стараліся ажывіць яго сучаснымі, месцамі нечаканымі, а часам нават смешнымі малюначкамі.
Для нас важна, каб у Скарыне перасталі бачыць персанажа падручніка гісторыі, акружанага датамі і званнямі, але ўбачылі жывога чалавека, беларуса, які прайшоў складаны шлях і пакінуў значны ўклад не толькі ў беларускай, але і ў еўрапейскай гісторыі».
Многія беларусы зараз паўтараюць шлях Францыска Скарыны і таксама ўносяць свой уклад у гісторыю розных краін і гарадоў. KAS Belarus дапамагае знайсці кропкі судакранання на гэтым шляху.
Каментары