Рой казурак можа назапашваць электрычнасць як навальнічнае воблака
Рой казурак можа мяняць электрычныя палі — ад сотняў да тысяч вольт на метр вышыні. Такія паказчыкі характэрныя для небіялагічных працэсаў назапашвання зарада — напрыклад, навальнічных аблокаў. Чым большы і шчыльнейшы рой, тым вышэйшыя велічыні. Яны нават могуць уплываць на фармаванне кропель воблачнасці. Да такіх высноў прыйшлі навукоўцы з Брыстальскага ўніверсітэта, піша Naked Science.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_10/b_793_1-qyxjy.jpg.webp)
Фота ілюстрацыйнае
Навукоўцы вывучылі звесткі аб статычных зарадах электрычнасці, якія можа назапасіць адна казурка. Пасля гэтага яны змадэлявалі на камп'ютары паказчыкі шматлікіх рояў.
У залежнасці ад памеру цела казурка можа назапасіць ад мільярднай да трыльённай долі кулона электрычнасці. Гэта вельмі мала. Але на вышыні да пяці кіламетраў казуркі збіраюцца ў даволі вялікія тлумы, і іх зарады аб'ядноўваюцца ў сур'ёзныя велічыні.
Напрыклад, велізарны рой саранчы з дзясяткаў мільёнаў асобін можа ўплываць на рух мікракропель вады, часцінак пылу і нават на ўтварэнне воблачнасці.
Каментары
ну я пра той рой, што выходзіў тым летам (2020)...