Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што Нарвегія парушае дагавор 1920 года, які вызначае міжнародна-прававы статус архіпелага Шпіцберген, паколькі Осла адмаўляецца ад правядзення двухбаковых кансультацый па гэтым пытанні, піша РБК.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2020_02/svalbard-2347322_960_720-d25tc.jpg.webp)
«Не варта забываць, што да 1920 года Шпіцберген быў перададзены пад суверэнітэт Нарвегіі на пэўных умовах. У апошнія гады Осла фактычна парушае палажэнні дамовы, якія канкрэтызуюць абавязацельствы нарвежскіх уладаў у гэтай сувязі», — заявіла Захарава.
Паводле яе слоў, падобны падыход непрымальны, а расійскі бок яго не прымае.
«Нам незразумела ўпартае нежаданне нарвежскіх уладаў шукаць канструктыўныя шляхі пераадолення гэтага негатыву», — дадала яна.
Архіпелаг Шпіцберген знаходзіцца ў Паўночным Ледавітым акіяне і мае адмысловы прававы статус. Пагадненне па архіпелагу, падпісанае 9 лютага 1920 года, устанавіла суверэнітэт Нарвегіі над Шпіцбергенам, аднак іншыя ўдзельнікі дагавора могуць выкарыстоўваць яго прыродныя рэсурсы і тэрытарыяльныя воды.
Каментары