Грамадства

«Мы сядзелі побач і ніякіх заяў не рабілі». Журналіст пра абсурдныя абвінавачанні ў адрас Генадзя Мажэйкі

Мінскі гарадскі суд 15 сакавіка аднавіў пасяджэнні з удзелам журналіста Генадзя Мажэйкі. Працэс перыядычна перарываецца на разнастайныя «экспертызы», хоць, як лічаць калегі палітзняволенага, прасцей апытаць непасрэдных сведак ягонай недатычнасці да інкрымінаваных артыкулаў, піша БАЖ.

Працэс над экс-карэспандэнтам газеты «Комсомольская правда в Беларуси» Генадзем Мажэйкам пачаўся 1 снежня 2022 года. Журналіста абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта») і ч. 1 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці»). Сукупна яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

На разгляд справы прызначана суддзя Таццяна Фалькоўская, якая ўжо мае досвед кантактавання з прадстаўнікамі СМІ: летась у верасні яна асудзіла на 8 гадоў былую супрацоўніцу Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну.

Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і прымусова вярнулі ў Беларусь, дзе выставілі абвінавачанні ў «распальванні варожасці» і «абразе прадстаўніка ўлады» (пазней замянілі на «абразу Лукашэнкі»).

Падставай стала драматычная гісторыя, якая за два дні да таго здарылася ў Мінску. 28 верасня ў кватэру да праграміста кампаніі EPAM Systems Андрэя Зельцэра спрабавалі ўварвацца ўзброеныя байцы КДБ. Адбылася страляніна, падчас якой гаспадар забіў кадэбіста Дзмітрыя Федасюка, а ў адказ застрэлілі і яго самога.

Па слядах трагедыі карэспандэнт «Комсомольской правды» в Беларуси» пагутарыў з аднакласніцай Андрэя Зельцэра, якая цёпла згадала пра сябра дзяцінства. Гэтага аказалася дастаткова для наступстваў: на распараджэнне Міністэрства інфармацыі сайт kp.by быў заблакаваны, а дзейнасць беларускай рэдакцыі паралізаваная за «гераізацыю тэрарыста».

Генадзь Мажэйка спрабаваў праз Расію вылецець у трэцюю краіну, але супрацоўнікі ФСБ яго ўжо чакалі. Журналіста затрымалі і перадалі беларускім сілавікам. Спачатку яго змясцілі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання, пасля перавезлі ў жодзінскую турму № 8, а ўрэшце зноў перавялі ў сталіцу — ад канца 2021-га ён у СІЗА № 1. Праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным зняволеным.

Але ўжо за кратамі акцэнты «вінаватасці» зрушыліся. Журналісту інкрымінавалі абразу Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы выбарцаў з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім у верасні 2020 года. На дыктафонным запісе чуваць мужчынскі голас, які эксперты Следчага камітэта прыпісалі Генадзю Мажэйку. Пазней дзяржабвінаваўца працытаваў тыя выказванні: «Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта звар’яцелы вырадак!»

Пры тым шматлікія калегі ды ўдзельнікі сустрэчы пацвярджаюць: карэспандэнт займаўся сваёй працай і ў дыскусіях не ўдзельнічаў. У прыватнасці, Алесь Пілецкі, які на той момант меў афіцыйную акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў і рабіў рэпартаж для «Радыё Свабода», быў поруч з Генадзем Мажэйкам, і той «нічога не выкрыкваў». 

«Пра Гену — так, магу пацвердзіць, што гаварыў і раней. Усю тую сустрэчу з Варанецкім у мікрараёне Лошыца сядзелі з Генам побач. Гэта было ўвосень 2020-га, якраз падчас масавых пратэстаў. Дэпутат шмат чаго ад людзей пачуў і, здаецца, ледзьве не расплакаўся. Мы рыхтавалі свае рэпартажы проста на месцы і ніякіх заяў не рабілі, гэта дакладна. Думаю, дэпутат Варанецкі таксама пацвердзіць. Але як ні капалі следчыя пад Мажэйку, як ні шарсцілі ўсё, што толькі можна, відаць, нічога лепшага так і не знайшлі», — выказаўся ў размове з БАЖ Алесь Пілецкі. 

Адвакатка Генадзя Мажэйкі Лізавета Мацвеева таксама зазначала, што мае відэа з сустрэчы, дзе выразна відаць: журналіст не бярэ ўдзелу ў абмеркаванні, а фразу, якую палічылі «абразай», прамаўляе іншы мужчына. Аднак неўзабаве юрыстку пазбавілі ліцэнзіі, аргументы «абнуліліся». 

У канцы снежня 2022-га на стадыі допыту сведак быў аб’яўлены перапынак для дадатковых «экспертных даследаванняў». Згодна з тэкстам абвінавачання, Генадзь Мажэйка, «праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года да кастрычніка 2021-га ўчыніў шэраг злачынстваў».

Такія высновы тычыліся як заключэння камісіі псіхолагаў і лінгвістаў адносна зместу артыкула пра праграміста Андрэя Зельцэра, так і відэа з удзелам дэпутата Валерыя Варанецкага. Выказванні, якія ўпарта прыпісваюць журналісту, бок абвінавачання расцаніў як «непрыстойныя і недапушчальныя». «Падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў сустрэчы, праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады, парушаючы агульначалавечую мараль», — гаворыцца ў матэрыялах справы.

Сёлета 27 лютага суд па справе экс-журналіста «Комсомолки» аднавіўся. Але зноў была ўзятая двухтыднёвая паўза «дзеля высвятлення іншых акалічнасцяў». Праз два тыдні ўдзельнікаў зноў вяртаюць у працэс.

Сам 40-гадовы фігурант выстаўленыя абвінавачанні лічыць абсурднымі і віны ні па адным з інкрымінаваных артыкулаў не прызнаў.

Каментары

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

Шарэнда-Панасюк: Гэта як уваскрашэнне з мёртвых. Я думала, што ўжо не выйду21

«У Еўропе рэч можа каштаваць 30 еўра, а ў нас — усе 100». Беларусы расказалі, як купляюць брэндавыя рэчы, якія не прадаюцца на радзіме3

У мінскім парку Горкага адкрылася кавярня з незвычайным дызайнам

«Не прапускае мышэй без дакументаў». На беларуска-польскай мяжы з'явіўся кот, якога, магчыма, хтосьці згубіў7

Пачалася праца па стварэнні археалагічнага музея пад адкрытым небам на Менцы5

Старшыням райвыканкамаў дадуць права ўзгадняць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў27

Паліна Шарэнда-Панасюк выехала з Беларусі13

Мірны план Трампа не прадставяць на наступным тыдні7

У Віцебску перайменавалі факультэт, назву якога Лукашэнка назваў «мацернай»7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць