Якія краіны віншавалі Лукашэнку з перамогай у 2020-м, а цяпер ігнаруюць яго «пераабранне»
Аляксандр Лукашэнка працягвае збіраць віншаванні з чарговым працягам яго прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Праўда, паступаюць яны галоўным чынам ад тых кіраўнікоў дзяржаў, дзе таксама назіраюцца праблемы з дэмакратыяй. Так ці інакш, нават у параўнанні з 2020 годам колькасць лідараў краін, гатовых падпісацца пад легітымнасцю Лукашэнкі, скарацілася. Паглядзелі, чыіх віншаванняў ён так і не дачакаўся.
Аднымі з першых Лукашэнку пазванілі прэзідэнты Казахстана Касым-Жамарт Такаеў, Узбекістана — Шаўкат Мірзіяеў, Таджыкістана — Эмамалі Рахмон, Азербайджана — Ільхам Аліеў. Таксама ў шэрагу найбольш хуткага віншавання ўжо традыцыйна адзначыўся лідар Кітая Сі Цзіньпін і кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін.
«Расійскі лідар цёпла павіншаваў беларускага калегу з пераканаўчай перамогай на прэзідэнцкіх выбарах», — рапартавала лукашэнкаўская прэс-служба. Вынікі абодвух амаль ідэнтычныя — Пуцін у 2024 годзе атрымаў 87,28% галасоў, Лукашэнку ж цяпер (па папярэдняй інфармацыі ЦВК) намалявалі 86,82%. Лічбы блізкія да вынікаў Пуціна, але акуратныя, каб усё ж не абысці «старэйшага брата».
Без віншаванняў Лукашэнку таксама не пакінулі дружалюбныя беларускаму ўраду В’етнам, Куба, Нікарагуа, Венесуэла, Туркменістан, Пакістан, Кыргызстан, М'янма, кіраўніцтва Аб’яднаных арабскіх эміратаў.
З еўрапейцаў адзначыліся прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч і старшыня прэзідыума Босніі і Герцагавіны Жэлька Цвіяновіч (таксама сербка па нацыянальнасці).
А хто ж адмаўчаўся?
Досыць чакана пасля замарозкі дзейнасці ў АДКБ не выйшаў на сувязь прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, які ў 2020 годзе жадаў Лукашэнку «новых дасягненняў на пасадзе кіраўніка дзяржавы» і выказваў упэўненасць ва «ўмацаванні сяброўства».
У 2020-м прэзідэнцкае крэсла ў Малдове займаў Ігар Дадон, які ў сваім віншаванні адзначыў, што, пераабраўшы Лукашэнку, «беларускі народ выказаў высокі давер і шырокую падтрымку абранаму палітычнаму і сацыяльна-эканамічнаму шляху развіцця». Ад цяперашняй лідаркі Малдовы Маі Санду такіх кампліментарных рэчаў Лукашэнку чакаць не выпадае.
Таксама палітычная абстаноўка за пяць год змянілася ў Сірыі: Башар Асад ва ўцёках, а ўнутры арабскай рэспублікі зараз хапае праблем.
Адсутнічае пакуль віншаванне і ад прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Пры тым што сам Лукашэнка стабільна віншаваў Эрдагана і з перавыбраннем, і з усімі нацыянальнымі і асабістымі святамі.
«Ён на наступны тэрмін не будзе абірацца». Словы Лукашэнкі 26 студзеня аналізуе Мікола Бугай
Якімі будуць наступныя пяць гадоў? Прагноз Латушкі
«Смеласці апярэдзіць старэйшага брата Пуціна хапіла толькі на некалькі гадзін». Фрыдман — пра вынікі выбараў
Кіраўнік МЗС Польшчы спытаў, ці хопіць у беларускіх турмах месца тым, хто не галасаваў за Лукашэнку
Каментары