Дырэктарка мінскай турфірмы прадала неіснуючыя туры на 170 тысяч рублёў. Яе затрымалі праз тры гады
Жанчына хавалася ў Расіі.
Жанчына занялася турыстычным бізнэсам у верасні 2019 года. Скандал з неіснуючымі пуцёўкамі здарыўся ў 2021-м. Амаль чатыры дзясяткі яе кліентаў нікуды не паляцелі, а сама яна з'ехала ў Расію.
«Мінчанка прыдумляла для пакупнікоў розныя прычыны: патрабуецца дадатковая пошліна для афармлення візы або неабходна тэрмінова ўнесці перадаплату за трансфер. Акрамя таго, жанчына не саромелася сістэматычна браць у доўг грошы ў кліентаў для развіцця турыстычнага бюро», — паведамляе СК.
У 2021 годзе следчыя распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт.209 (махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры). Высветлілася, што мінчанка павінна за пуцёўкі больш за 170 тысяч рублёў, яна з'ехала з краіны і каля трох гадоў была ў вышуку.
У кастрычніку 2024 года следчыя атрымалі інфармацыю, што жанчына знаходзіцца ў Расіі. Яна затрыманая, разглядаецца пытанне аб яе экстрадыцыі ў Беларусь.
Onlíner пісаў пра гэтую гісторыю ў 2021 годзе. Больш за 30 пацярпелых спрабавалі вярнуць грошы, якія яны заплацілі мінскай турфірме. «Сітуацыя такая: мы ў выніку працы ў кавідным рэжыме апынуліся ў цяжкім становішчы. Спрабуем разабрацца з нашымі праблемамі», — каментавала тады дырэктар кампаніі.
Адна з пацярпелых, Надзея, пацвердзіла выданню, што гаворка ідзе менавіта пра гэтую гісторыю.
На жаль, грошы вярнуць пакуль не атрымалася.
Цяпер Следчы камітэт шукае пацярпелых ад схемы з турыстычнымі пуцёўкамі. Пацярпелыя могуць звяртацца па тэлефонах: 8 (017) 389-55-55 і 8 (044) 500-31-11.
Каментары