НАУ плануе стварыць сайт на аснове даных дзяржкаталога Музейнага фонду
На аснове скапіяваных даных Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Беларусі ў перспектыве плануюць стварыць сайт з пералікам экспанатаў, дзе «кожны ахвотны зможа з імі азнаёміцца», паведаміла выданню «Позірк» прэс-сакратарка кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Паўла Латушкі Юлія Гарачая. Разам з тым, з яе слоў, «ужо цяпер гісторыкі змогуць вывучаць гэтую базу».
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_05/goskatalog_muzei_oshibka_1128x752-ll8bn.jpg.webp)
Па словах Юліі Гарачай, наяўнасць базы дазваляе НАУ адсочваць «усе музейныя прадметы, якія на гэты момант у фондах усіх музеяў Беларусі, іх стан, у якім музеі знаходзіцца той ці іншы прадмет».
«І цяпер ніхто не зможа знішчыць або прадаць які-небудзь прадмет музейнага значэння так, каб мы потым пра гэта не даведаліся, — упэўненая прадстаўніца палітычнай структуры. — Гэта значыць, мы можам не дапусціць схаванага вывазу нашых культурных каштоўнасцяў або, напрыклад, знішчэння прадметаў, звязаных з нацыянальнай гісторыяй. Гэта ў тым ліку і гарантыя абароны ад рускага свету і перапісвання гісторыі».
Пра тое, што ў распараджэнні ягонай каманды знаходзіцца каталог, які ўтрымлівае амаль 165000 музейных прадметаў, кіраўнік Павел Латушка заявіў 26 мая ў адмысловым відэазвароце.
Каментары