«Спадзяюся, гэта ўбачаць у Амерыцы і ў чарговы раз пачнуць нам зайздросціць». Тыкток смяецца з гомельскага аэрапорта
Блогерка паказала ў тыктоку, як выглядае зона вылету ў гомельскім аэрапорце. Здаецца, час тут спыніўся некалькі дзесяцігоддзяў таму.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/aeraporthomel-mbr8r.jpg.webp)
Вераніка вылятала з аэрапорта Гомеля ў Маскву і вырашыла зняць відэа для тыктоку і паказаць, як той выглядае. Кажа, сама была ў шоку. Зона рэгістрацыі больш-менш прыстойная. Ёсць дзве стойкі рэгістрацыі і нават кафетэрый. Але здзіўляе, канешне, адсутнасць людзей (у кадр трапіла ўсяго два чалавекі) і мёртвая цішыня.
Побач з аэрапортам амаль што пустая паркоўка — нягледзячы на тое, што бясплатная. Як кажа тыктокерка, тыя некалькі прыпаркаваных машын хутчэй за ўсё належаць рыбакам, якія прыехалі на возера ля аэрапорта.
А вось зона вылету выглядае так, быццам тут прынцыпова вырашылі пакінуць музей савецкай грамадзянскай авіяцыі. Разбітыя падлогі, пафарбаваныя фарбай жудаснага зялёнага колеру сцяны. У куце сумуюць вядро і швабра, на якую нейкі гаспадарлівы супрацоўнік прыляпіў раздрукаваны на прынтары надпіс «Для туалетаў». Затое на сцяне можна ўбачыць строгае папярэджанне для замежнікаў: «No smoking!».
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/mycollages-14-dkc8p.jpg.webp)
— Бачыце, як сучасна, — сумна жартуе Вераніка і пасля дадае: — У мяне такое адчуванне, быццам я ў 80-я трапіла.
Кафетэрый таксама выглядае вельмі сціпла.
За тры дні відэа набрала каля 420 тысяч праглядаў. Каментатары кпяць. «Спадзяюся, што гэта пабачаць у Амерыцы і ў чарговы раз пачнуць нам зайздросціць», — напісала адна жанчына. Другая адзначыла, што ляцела з гэтага аэрапорта каля 30 гадоў назад: «Вось гэта стабільнасць! Нічога не змянілася!»
А нехта спытаў: «А дакладна гэта не вакзал у вёсцы?». Яшчэ адна каментатарка растлумачыла сітуацыю: «Вы не зразумелі? Гэта ж музей СССР! Рэтра аэрапорт! Вы нідзе больш такога не пабачыце. Гэта такі дызайн».
Былі і рацыяналізатарскія прапановы здаваць аэрапорт у арэнду кіношнікам, каб хоць неяк пачаць на ім зарабляць.
Былі і каментары пра тое, што нічога дрэннага ў такім аэрапорце няма і трэба шанаваць тое, што ёсць.
У адказ такім непераборлівым беларусам блогерка запісала відэа ў аэрапорце Самарканда (жанчына ляцела ў адпачынак ва Узбекістан з Гомеля праз Маскву). Жыве ў гэтым горадзе крыху больш чалавек, чым у Гомелі, — каля 550 тысяч. Але ж аэрапорт Самарканда выглядае сучасна, людзей там відавочна больш.
Яшчэ ў адным відэа Вераніка кажа:
— Хацелася б бачыць наш аэрапорт у лепшым выглядзе. Бо гэта міжнародны аэрапорт, на секунду. Гэта не сельскі аэрапорт, не ўнутраны. Хацелася б, каб ён выглядаў прэзентабельна для людзей, таму што гэта першае ўражанне аб нашай краіне.
Каментары