Рэдкі старажытны дакумент раскрывае, як Рымская імперыя судзіла апанентаў улады пад выглядам пераследу за карупцыю
Здабыты ў Іўдзейскай пустыні дакумент уяўляе сабой вельмі доўгі папірус з пракурорскімі запісамі аб эканамічнай судовай справе супраць двух грамадзян Старажытнага Рыма, якая распачалася летам 132 года нашай эры напярэдадні вялікага паўстання супраць імперыі. Як адзначаюць даследчыкі, гэта найбольш дакументальна зафіксаваны рымскі судовы працэс у Іўдзеі, калі не ўлічваць суд над Ісусам».
Даследчыкі з Аўстрыі і Ізраіля пераклалі найдаўжэйшы з калі-небудзь знойдзеных у Іўдзейскай пустыні грэцкіх папірусаў, піша навуковы часопіс Live Science са спасылкай на Аўстрыйскую акадэмію навук і Яўрэйскі ўніверсітэт у Ерусаліме.
Артэфакт уключае больш за 133 радкі тэксту і дае ўнікальнае ўяўленне пра судовы працэс з удзелам старажытнарымскіх пракурораў на пачатку II стагоддзя нашай эры, які тычыўся падатковага махлярства і карупцыі з палітычным падтэкстам у перыяд асаблівай напружанасці ў рымскай правінцыі Іўдзея.
Галоўнымі фігурантамі былі два мужчыны — Саулас і Гадаліяс, абодва афіцыйна абвінавачваліся ў эканамічных злачынствах. Сауласа, паводле дакумента, абвінавацілі ў «падробцы дакументаў, арганізацыі фіктыўнага продажу рабоў і іх вызвалення без выплаты падаткаў».
А яго саўдзельнік Гадаліяс, як адзначаюць пракуроры, быў сынам натарыуса, «вядомага сваёй схільнасцю да гвалту, падробкі грошай, вымаганняў і падбухторвання да мяцяжу». З-за гэтага Гадаліяс таксама трапіў пад падазрэнні рымскіх уладаў і абвінавачваўся «ў падробцы дакументаў і грошай». Пры гэтым пракуроры пісалі, што Гадаліяса можна «танна перакупіць», хоць той «неаднаразова парушаў закон», пазбягаючы адказнасці дзякуючы сувязям сям'і і карумпаванасці мясцовых уладаў.
Усе вышэйпералічаныя абвінавачванні ў эканамічных злачынствах, паводле старажытнарымскіх законаў, прыводзілі альбо да катаргі, альбо да смяротнага пакарання, падкрэсліваюць даследчыкі. Аднак канчатак гэтай гісторыі так і не быў нідзе апісаны, бо апошняе судовае пасяджэнне, як вынікае з пракурорскіх запісаў, адбылося за дзень да пачатку буйнога паўстання яўрэяў па ўсёй Іўдзеі супраць рымскай улады, якое пачалося летам 132 года нашай эры і скончылася правалам праз чатыры гады.
Але цікава іншае. У апісанні апошняга пасяджэння над двума мужчынамі быў зроблены намёк, што іх дзейнасць па вызваленні рабоў магла быць часткай падрыхтоўкі да магчымага яўрэйскага паўстання. Гэты намёк з-за адсутнасці некаторых фрагментаў папірусу не атрымлівае далейшага раскрыцця і пацверджання, але, як мяркуюць навукоўцы, гэта магло стаць прычынай вядзення судовага працэсу выключна ў эканамічнай плоскасці, каб не дадаваць моцы пратэсным настроям у Іудзеі.
На думку даследчыкаў, падстаўляць сябе на пераслед з боку рымскіх уладаў за нелегальны продаж і вызваленне рабоў у той нестабільны час і ў такім нестабільным месцы — занадта непрыбытковая і не вартая рызыкі дзейнасць, калі б гаворка ішла пра сапраўдных карупцыянераў і махляроў са шчырай прагай нажывы.
Каментары
Пять слов после последней запятой показывают,что текст писал бредящий христианин.