«Першыя дзве хвіліны думаў, што гэта жарт». Наведнік семінара па бяспецы, да якога далучыўся КДБ, расказаў, што там адбывалася
Выявілася, што КДБ аплаціў арганізацыю семінара.
![](http://d12yticwcnhwc8.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_11/screenshot2023-11-19at15585811-im1wt.jpg.webp)
Сам семінар наведніку спадабаўся не надта — маўляў, казалі там занадта агульныя і банальныя рэчы. «З таго, што я чуў, было мала рэальна карыснага — быў нейкі айцішнік, які распавядаў пра вірусы і фішынг, і Вячаслаў Сіўчык, які больш згадваў баек з 90-х, чым пра бяспеку казаў. Сядзеў і думаў, што, можа, дарма прыйшоў», — кажа суразмоўца.
«Пасля, падчас лекцыі айцішніка Аксёнаў ускоквае, акуратна яго перабівае і кажа — маўляў, з намі хоча пагутарыць «спонсар і арганізатар». Я думаю — чаго, які яшчэ спонсар? Бо быў пэўны, што семінар транслююць у зуме для тых, хто не здолеў паўдзельнічаць афлайн.
У эфір выйшаў загрыміраваны [прапагандыст Ігар] Тур, а пасля кадэбэшнік. У залі паўстала поўная цішыня, ніхто нічога не казаў, толькі чалавек з Хаба падбег і выключыў Бычака (прапагандыст Ігар Тур пасля сказаў, што зрабілі гэта некарэктна і было чуваць усё, што адбываецца ў залі. — НН). Я падумаў, што гэта пэўна жарт і зараз скажуць, маўляў, каб так не было — дбайце пра бяспеку.
Але зразумеў, што не, бо чалавек з Хаба пабег кудысьці тэлефанаваць, а семінар на гэтым скончылі. Сіўчык запытаўся ў Аксёнава пра тое, дзе ён знайшоў гэтага «спонсара і арганізатара», Аксёнаў быў у поўнай разгубленасці, адказваў нешта няўцямнае. У выніку Сіўчык сказаў: «Алег, ну ты б хоць параіўся».
Астатнія сядзелі моўчкі ў шоку, частка пачала выходзіць з залы. Я неўзабаве таксама выйшаў».
Другі наш суразмоўца, які быў на семінары, расказаў амаль ідэнтычную гісторыю.
Мы звярнуліся да Алега Аксёнава, які пацвердзіў нам, што арэнда памяшкання і кава-брэйк выйшлі «за кошт КДБ». На астатнія пытанні Алег адказаць пакуль не гатовы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары