Тур заявіў, што марш у Варшаве з дрона здымалі лукашэнкаўцы. Аказалася, яны падманулі польскага аператара
28.01.2025 / 17:53
Вядучы АНТ Ігар Тур у праграме, прысвечанай акцыям беларускай дыяспары за мяжой, паказаў відэа з дрона ў Варшаве і заявіў, што ролік знялі яго аднадумцы. Як высветліла «Еўрарадыё», ён схлусіў.
Ігар Тур заявіў, што прапагандысты «самі здымалі» марш беларускай дыяспары ў Варшаве 26 студзеня з квадракоптара. Відэа акцыі з вышыні птушынага палёту разляцелася па многіх пабліках і СМІ.
У пацверджанне сваіх слоў Тур паказаў фатаграфіі пульта кіравання дронам з тымі самымі кадрамі.
«Ведаючы почырк сваіх медыйных апанентаў, яны будуць даказваць, што мы скралі зыходнікі. Гэта ганебна, вядома, для збеглых. Але хай бы яны падумалі крыху ў іншым кірунку. Можа, мы не скралі, а самі яго і знялі, і вам ласкава далі, згуляўшы вамі ў патрэбны нам бок», — заявіў Тур.
Як аказалася, прапагандыст сказаў няпраўду. Каб атрымаць запісы, лукашэнкаўцы падманулі польскага аператара.
Скрыншот відэа АНТ
Відэа здымаў польскі аператар Рафал Ганоўскі. Ён расказаў, што перад маршам з ім звязаліся ад імя адной з арганізацый, якая нібыта працуе са Святланай Ціханоўскай.
Ужо пазней, калі ён здымаў марш, Ганоўскага спыталі, ці знаходзіцца ён на месцы — у адказ ён адправіў фота пульта ад коптара. Гэтыя здымкі пасля і паказалі на АНТ.
«Відэа апублікавала Ціханоўская, і яно шырока разышлося. Думаю, гэта не тое, чаго прапагандысты хацелі. Я здымаў матэрыял ад усёй душы, і атрымалася прыгожа», — распавёў Ганоўскі.
26 студзеня беларусы прайшлі маршам па цэнтры Варшавы ў знак пратэсту супраць чарговага перапрызначэння Лукашэнкі. Па вуліцах польскай сталіцы пранеслі 330-метровы бел-чырвона-белы сцяг.