Чацвертая кніга з серыі пра Гары Потэра пабачыла свет
8.02.2025 / 8:42
Выйшла чацвёртая кніга з серыі твораў Джоан Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка «Гары Потэр і Келіх агню», паведамляе сайт выдавецтва «Янушкевіч» knihauka. Кніга выйшла ў выдавецтве «Янушкевіч». Старт продажаў ад сёння.
Фота з фэйсбука Андрэя Янушкевіча
«Гары Потэр хоча збегчы ад паганых Дурсляў і адправіцца на Чэмпіянат свету па квідычы з Герміёнай, Ронам і сям’ёй Уізлі. Ён хоча марыць пра Чоў Чанг, у якую закаханы (і, магчыма, больш, чым проста марыць). Ён хоча даведацца, што гэта за таямнічая падзея, у якой удзельнічаюць і канкуруюць дзве іншыя школы магіі, і пра спаборніцтва, якога не было сотні гадоў. Ён хоча быць звычайным чатырнаццацігадовым чараўніком. На жаль для Гары Потэра, ён не звычайны, ён іншы — нават паводле чараўніцкіх стандартаў. І ў гэтым выпадку незвычайнасць можа быць смяротна небяспечнай», — гаворыцца ў кароткай анатацыі.
Пераклад з англійскай мовы Алены Пятровіч. Дызайн — Браян Сэлзнік (ЗША).
Каштуе кніга 89,90 злотых (21,5 еўра) без уліку дасылкі. У Беларусь кніга не дасылаецца.