БЕЛ Ł РУС

Свет

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях

7.02.2025 / 23:7

Nashaniva.com

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі лічыць, што ў рамках патэнцыйнай «здзелкі» з адміністрацыяй Дональда Трампа ЗША і Украіна могуць сумесна распрацоўваць карысныя выкапні на ўкраінскай тэрыторыі. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю агенцтву Reuters.

Уладзімір Зяленскі. Фота: Pier Marco Tacca / Getty Images

Зяленскі падкрэсліў, што Украіна мае патрэбу ў гарантыях бяспекі ад сваіх саюзнікаў як часткі любога ўрэгулявання вайны і адкрытая да заключэння «здзелкі» з ЗША.

«Мы павінны спыніць Пуціна і абараніць тое, што ў нас ёсць — вельмі багаты Дняпроўскі рэгіён, цэнтральную Украіну», — заявіў прэзідэнт Украіны.

Пры гэтым ён адзначыў, што Кіеў прапануе не «аддаваць» свае рэсурсы ЗША, а аформіць узаемавыгаднае партнёрства для іх сумеснай распрацоўкі.

«Амерыканцы дапамаглі больш за ўсё, і таму амерыканцы павінны зарабіць больш за ўсё. І ў іх павінен быць гэты прыярытэт, і ў іх ён будзе. Я таксама хацеў бы пагаварыць пра гэта з прэзідэнтам Трампам», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго слоў, Расія дакладна ведала, дзе размешчаныя крытычныя рэсурсы Украіны, дзякуючы геалагічным даследаванням савецкіх часоў.

Украіна сама выказала ідэю адкрыць свае радовішчы карысных выкапняў для інвестыцый з боку саюзнікаў мінулай восенню, калі яна прадставіла «план перамогі», які мусіць забяспечыць ёй моцную пазіцыю для перамоў з Масквой.

Цяпер пад расійскай акупацыяй знаходзяцца менш за 20% мінеральных рэсурсаў Украіны, у тым ліку каля паловы радовішчаў рэдказямельных элементаў. Сярод іншага Украіна мае найбуйнейшыя ў Еўропе запасы тытану, неабходнага для авіяцыйнай і касмічнай прамысловасці, а таксама ўрану, які выкарыстоўваецца ў ядзернай энергетыцы і ўзбраенні.

Акрамя таго, Зяленскі паведаміў, што Кіеў і Белы дом абмяркоўваюць ідэю выкарыстання вялізных падземных газавых сховішчаў Украіны для захоўвання амерыканскага звадкаванага газу.

«Я ведаю, што адміністрацыя Трампа ў гэтым вельмі зацікаўленая. Мы гатовыя і жадаем мець кантракты на пастаўкі звадкаванага газу ва Украіну. І, вядома, мы будзем хабам для ўсёй Еўропы», — сказаў ён.

7 лютага Дональд Трамп заявіў, што плануе сустрэцца з Зяленскім на наступным тыдні.

Чытайце таксама:

Зяленскі: Кіеў адкрыты да супрацоўніцтва па здабычы рэдказямельных металаў

Зяленскі: Калі не бераце нас у НАТА, то дайце ядзерную зброю

Шольц назваў жаданне Трампа абмяняць дапамогу Украіне на рэдказямельныя металы «эгаістычным»

Трамп прапанаваў дапамогу Украіне ў абмен на рэдказямельныя металы. Кіеў адказаў

Адміністрацыя Трампа хоча, каб ва Украіне сёлета прайшлі выбары

Каментары да артыкула