У Беларусі ўсё ж такі забароняць Хагі Вагі. Міністр адукацыі лічыць, што гэтая цацка правакуе гвалт
7.02.2025 / 22:8
У новы закон аб правах дзіцяці ўнеслі забарону на распаўсюджванне цэлага шэрагу дзіцячых цацак.
У Беларусі збіраюцца забараніць некаторыя цацкі, створаныя на аснове герояў камп'ютарных гульняў і фільмаў. Такая норма з'явілася ў законапраекце па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей, які сёння прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні.
Прадстаўляючы законапраект, міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў, што такая норма з'явілася пасля зваротаў неабыякавых грамадзян і бацькоў.
Як прыклад цацкі, якую збіраюцца забараніць, Іванец прывёў Хагі Вагі, з якім ужо даўно змагаюцца прарасійскія актывісты.
«На жаль, мы бачым, што сёння ў адкрытым продажы маюцца цацкі, якія, відавочна, не могуць быць прызначанымі для дзяцей. Адным з яркіх прыкладаў з'яўляецца цацка Хагі Вагі, якая выяўленая ў выглядзе адсутнасці вачэй, адсутнасці іншых частак цела. Гэта значыць наўмысна знявечаная выява ці то дзіцяці, ці то лялькі. Якая безумоўна выхоўвае і падштурхоўвае нашых дзяцей да таго, што гэта з'яўляецца нормай. Адпаведна пасля можа правакаваць і гвалт, і скажонае ўяўленне пра дабро і зло», — заявіў Іванец.
Паводле яго слоў, Мінадукацыі правяло маніторынг крам і гандлёвых пляцовак ды знайшло там іншыя цацкі, якія могуць нанесці шкоду здароўю і жыццю дзяцей.
Беларускія чыноўнікі ўжо прапаноўвалі забараніць Хагі Вагі не толькі ў краіне, але і на ўзроўні ЕАЭС.