Беларуса затрымалі ў Іспаніі
7.02.2025 / 18:35
Іспанская газета El Periodico са спасылкай на крыніцы ў паліцыі паведаміла пра затрыманне ў аўтаномнай супольнасці Каталонія пяці чалавек па падазрэнні ў тэрарыстычнай дзейнасці. Паводле інфармацыі выдання, сярод затрыманых — двое грамадзян Расіі, а таксама грамадзяне Калумбіі, Беларусі і Іспаніі.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: abc.es
Затрыманні праведзеныя ўвечары 6 лютага.
Затрыманыя абвінавачваюцца ў тэрарызме і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Паводле версіі следства, падазраваныя рабілі дзеянні, накіраваныя «супраць падтрымкі ўрадамі і асацыяцыямі Украіны».
Сцвярджаецца, што затрыманыя жылі ў Барселоне і з моманту пачатку вайны вялі работу ў краінах НАТА. Як адзначае газета, з затрыманых расіян адзін «валодае ведамі ў галіне камп'ютарнай інжынерыі, а другі — фатограф». Дзеяннямі групы кіравалі з Расіі.
У той жа час МЗС Беларусі заявіла, што ніякай інфармацыі пра затрыманага ў Іспаніі грамадзяніна Беларусі яно не мае:
«Афіцыйных паведамленняў аб затрыманні грамадзяніна Беларусі ў Іспаніі ў наша пасольства не паступала. Будзем правяраць гэтую інфармацыю. Пры неабходнасці дыпламаты гатовыя аказаць консульска-прававую дапамогу», — заявілі ў ведамстве.