БЕЛ Ł РУС

Эканоміка

У расійскай гандлёвай сеткі «Святлафор» праблемы. Ці закрануць яны беларускія крамы?

7.02.2025 / 16:32

Nashaniva.com

Расійская сетка дыскаўнтараў «Святлафор» за апошнія некалькі тыдняў сутыкнулася з праблемамі. Спачатку Расспажыўнагляд праз суд пачаў закрываць яе крамы, цяпер жа Федэральная падатковая служба ўвогуле хоча прымусова ліквідаваць адзін з яе холдынгаў. У Беларусі гэтая сетка дыскаўнтараў таксама працуе. Выданне Office Life паспрабавала высветліць, ці закрануць расейскія праблемы беларускую сетку.

Фота: Office Life

З сярэдзіны студзеня Расспажыўнагляд пачаў планавыя праверкі сеткі «Святлафор» па даручэнні першага віцэ-прэм'ера Расіі Дзяніса Мантарова. І гэта пры тым, што з 2020 года ў краіне дзейнічае мараторый на планавыя праверкі, у тым ліку рознічнага бізнэсу. Выключэнні — шматлікія скаргі альбо пагроза здароўю грамадзян.

Пасля гэтага з канца студзеня 2025 года суды пачалі закрываць крамы сеткі «Святлафор» па пазовах Расспажыўнагляду. Ведамства знайшло ў іх працы парушэнні санітарна-эпідэміялагічных нормаў. Напрыклад, у памяшканні адной з крамаў знаходзілася 165 кг пратэрмінаванай прадукцыі, а ў памяшканні іншай былі ўвогуле прусакі, мухі і харчовая моль.

На гэтым тыдні стала вядома, што Федэральная падатковая служба Расіі пачала ліквідацыю холдынгу «Інвест стандарт», якому належыць частка гандлёвых пунктаў «Святлафора» ў Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй федэральных акругах Расіі. Прычына — недакладныя звесткі пра юрыдычны адрас, якія кампанія пазначала пры рэгістрацыі. Такія справы, праўда, рэдка даходзяць да рэальнай ліквідацыі юрыдычных асоб, аднак з'яўленне падобнай інфармацыі можа негатыўна адбіцца на фінансавым становішчы бізнэсу.

На беларускі рынак сетка «Святлафор» выйшла ў 2017 годзе. Паводле даных гандлёвага рэестра, сёння пад гэтым брэндам працуюць больш за 200 крам па ўсёй краіне. Іх аператарамі выступаюць чатыры кампаніі: «ЛенПрадуктСэрвіс», «МасПрадуктСервис«, «ВіцебскПрадуктСэрвіс» і «ГомельПрадуктСэрвіс».

У прэс-службе беларускай сеткі расказалі Office Life, што, нягледзячы на сітуацыю вакол часовага закрыцця часткі крамаў «Святлафор» у Расіі, у Беларусі ўсе крамы сеткі працуюць у штатным рэжыме і сітуацыя ў суседняй краіне ніяк не паўплывае на беларускі бізнэс кампаніі.

«Мы працуем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь», — адзначылі ў кампаніі.

Больш таго, сетка нават плануе адкрыць у Беларусі некалькі новых крам.

Чытайце таксама:

Гандлёвая сетка «Тры цаны» значна пашырыцца на Расію

У крамах Беларусі знікае газіроўка без цукру

Гандлёвая сетка «Радзівілаўскі» ажыла і правяла рэбрэндынг ФОТЫ

У Мінску закрываюцца фірмовыя крамы Columbia

Каментары да артыкула