БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Стрыжак расказаў, што вядома пра ўзмоцненыя праверкі на выездзе з Беларусі

5.02.2025 / 19:53

Nashaniva.com

Днём 5 лютага кіраўнік фонду Bysol Андрэй Стрыжак паведаміў пра ўзмацненне праверак і кантролю беларусаў, якія перасякаюць мяжу на выезд з краіны. Выданне «Люстэрка» паразмаўляла з ім і даведалася падрабязнасці пра гэтую сітуацыю.

Прапускны пункт на мяжы Беларусі з Літвой у Каменным Логу. Фота ілюстрацыйнае

Андрэй Стрыжак гаворыць, што паведамленні пра ўзмацненне кантролю на мяжы ад беларусаў сталі прыходзіць на гэтым тыдні. Паводле яго слоў, асноўнае «новаўвядзенне» — праверкі зараз праходзяць і на выездзе з краіны. Сілавікі цікавяцца тэлефонамі, глядзяць ноўтбукі. Верагодна, гэта можа тычыцца і іншай падобнай тэхнікі, якую вязе з сабой чалавек, які перасякае мяжу.

«На што варта звярнуць увагу — гэта стан тэлефона. Глядзіце, якія там падпіскі, захаваныя фатаграфіі, наколькі ён сінхранізаваны з «воблакам», — адзначае Стрыжак. — Мая настойлівая рэкамендацыя — перасякаць мяжу з якімі-небудзь нейтральнымі дэвайсамі, з тэлефонамі, на якіх наогул нічога такога няма. Таму што ў сілавікоў ёсць дастаткова добры інструментар, каб падключыцца да воблачных сховішчаў і аднаўляць нейкія выдаленыя файлы, даныя. Гэта вельмі небяспечна».

Ён дадае, што падчас гутаркі могуць задаваць дадатковыя пытанні.

«Напрыклад, могуць распытваць, якая ў вас віза, як атрымлівалі і хто дапамагаў. На выезд раней такога не фіксавалася. Больш звестак на гэтую тэму пакуль няма», — кажа ён.

Стрыжак адзначае, што ў цэлым практыка — такая ж, якая ўжо даўно ўжываецца на ўездзе ў краіну. Аднак у Bysol пакуль няма поўнай карціны пра тое, каго менавіта выклікаюць на праверкі. Суразмоўца мяркуе, што сілавікі могуць адпрацоўваць «тыя ж мэтавыя групы, што цікавілі іх і на ўезд».

У такім выпадку паглыбленым праверкам і «гутаркам» могуць падвяргацца беларусы, якія ў 2020-м удзельнічалі ў пратэстах і прыцягваліся па «палітычных» справах, могуць знаходзіцца ў базе «Беспарадкі», а таксама тыя, у каго праходзіў ператрус або так званы агляд.

Пільная ўвага таксама да ўкраінцаў, якія жывуць у Беларусі, і іх сваякоў.

Яшчэ адна катэгорыя, якая адносна нядаўна стала цікавіць супрацоўнікаў КДБ, якія дзяжураць на мяжы — беларусы, якія даўно не былі ў краіне і вырашылі з'ездзіць дадому. Перад навагоднімі святамі і выхаднымі на мяжы нетыповыя пытанні задавалі і студэнтам, якія вучацца за мяжой.

Чытайце таксама:

Андрэй Стрыжак папярэдзіў пра паглыбленыя праверкі для тых, хто выязджае з краіны

«Байсол» запускае гарачую лінію з прычыны ўзлому бота Беларускага Гаюна

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі

Бот Беларускага Гаюна быў узламаны. Хто туды пісаў — пад пагрозай

Каментары да артыкула