БЕЛ Ł РУС

Здарэнні

Пераскочыў праз сядзенні і пачаў біць па твары. Мінчук учыніў сапраўдны дэбош у кінатэатры

5.02.2025 / 15:15

Nashaniva.com

Мужчына прыйшоў паглядзець кіно пад градусам і не зусім адэкватна адрэагаваў на заўвагу.

Познім вечарам 25-гадовы мінчук з дзяўчынай і братам вырашыў паглядзець фільм у кінатэатры Skyline на Бабруйскай. Падпіўшы мужчына паводзіў сябе вельмі шумна, адзін з наведвальнікаў зрабіў яму заўвагу.

Завязалася спачатку слоўная перапалка. Абурыўшыся на дрэнныя паводзіны свайго хлопца, дзяўчына пайшла з залы. Мінчанін жа застаўся, толькі замест прагляду кіно ён працягваў сварыцца з чалавекам, які зрабіў яму заўвагу — ён увесь час паварочваўся ў бок мужчыны і прапаноўваў яму «разабрацца», пішуць «Мінск-Навіны».

Адміністратары ў выніку запатрабавалі, каб скандаліст пакінуў залу, і паабяцалі выклікаць міліцыю. Мужчына накіраваўся да выхаду, кінуўшы пры гэтым пластыкавую бутэльку з-пад напою ў свайго «крыўдзіцеля». Пасля ён пераскочыў праз сядзенні і, выказваючы розныя пагрозы, двойчы ўдарыў мужчыну кулаком па твары, хапаў яго за адзенне, парваў фліску.

Пацярпелы спрабаваў закрыцца рукамі ад удараў і ў выніку атрымаў пералом шыйкі пястной касці правай кісці са зрушэннем. Яму прыйшлося перанесці чатыры аперацыі.

На дэбашыра завялі крымінальную справу аб злосным хуліганстве. Віну ён прызнаў часткова, перад пацярпелым выбачыўся і кампенсаваў яму кошт сапсаванай фліскі. Суд прызначыў мінчаніну два гады «хіміі» з накіраваннем, ён таксама павінен выплаціць 8 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула