НАТА афіцыйна прызнала спробу Крамля ліквідаваць кіраўніка аднаго з найбуйнейшых еўрапейскіх вытворцаў зброі
28.01.2025 / 19:47
Гаворка ідзе пра Арміна Папергера, генеральнага дырэктара самага паспяховага абароннага канцэрна Германіі Rheinmetall, які грае істотную ролю ў пастаўках зброі Украіне. Па словах высокапастаўленага чыноўніка НАТА, Папергер быў не адзіны бачны заходні дзеяч, на забойства якога Крэмль адправіў сваіх агентаў.
Кіраўнік кампаніі Rheinmetall Армін Папергер (у цэнтры) з федэральным канцлерам Германіі Олафам Шольцам і прэм'ер-міністаркай Даніі Метэ Фрэдэрыксэн. Фота: Fabian Bimmer/Pool Photo via AP
Высокапастаўлены прадстаўнік НАТА пацвердзіў інфармацыю, што Расія спрабавала забіць кіраўніка нямецкага вытворцы ўзбраення Rheinmetall Арміна Папергера, аднаго з ключавых саюзнікаў Украіны, перадае выданне Politico.
Па словах намесніка памочніка генеральнага сакратара НАТА па інавацыях, гібрыдных і кібертэхналогіях Джэймса Апатурая, змова, якую сарвалі выведкі ЗША і Германіі, была часткай больш маштабнай серыі планаў Крамля па забойстве кіраўнікоў абароннай прамысловасці па ўсёй Еўропе.
«Мы назіралі выпадкі сабатажу ў краінах НАТА цягам апошніх двух гадоў, пад якімі я маю на ўвазе сыход цягнікоў з рэек, акты падпалу, напады на ўласнасць палітыкаў, змовы з мэтай забойства лідараў прамысловасці, напрыклад кіраўніка Rheinmetall, але былі і іншыя змовы», — заявіў Апатурай на пасяджэнні камітэта Еўрапарламента па гібрыдных войнах.
Чыноўнік НАТА дадаў, што расейцы набіраюць людзей для сваіх змоў у інтэрнэце, выкарыстоўваючы для шпіёнскай дзейнасці «злачынныя групоўкі, выпадковую моладзь ці мігрантаў», каб «пасеяць смуту і падарваць падтрымку Украіны».
Заява Апатурая стала першым публічным прызнаннем Захаду наконт таго, што Крэмль адважыўся на забойства высокапастаўленых заходніх дзеячаў, якія адказваюць за вайсковую моц НАТА. Гэта таксама стала адным з самых гучных афіцыйных абвінавачванняў у адрас Крамля, які заўсёды адмаўляе сваю датычнасць да падобных дзеянняў.
У размове з членамі Еўрапарламента Апатурай адзначыў, што стратэгічная дактрына Расіі заключаецца ў дасягненні перамогі, «выкарыстоўваючы любыя сродкі», уключаючы пашкоджанне інфраструктуры ці палітычнае ўмяшанне. Высокапастаўлены чыноўнік НАТА настойліва заклікае Еўропу перайсці да «вайсковага мыслення», пакуль яшчэ ёсць час.