Футбольная зборная Беларусі паедзе гуляць з таджыкамі
24.12.2024 / 17:13
20 сакавіка наступнага года на Цэнтральным рэспубліканскім стадыёне ў Душанбэ зборная Беларусі мае намер згуляць таварыскі матч са зборнай Таджыкістана.
Зборная Таджыкістана па футболе. Фота: fft.tj
Паводле сусветнага рэйтынгу ФІФА, сілы камандаў Беларусі і Таджыкістана цяпер прыблізна роўныя: беларусы на 98-м радку, таджыкі на 104-м.
У 2014 годзе каманды ўжо праводзілі матч паміж сабой, і тады зборная Беларусі ўпэўнена перамагла — 6:1.
Восенню 2025 года беларусы збіраюцца ўзяць удзел у адборачным турніры чэмпіянату свету-2026, дзе трапілі ў адну групу з камандамі Грэцыі, Шатландыі і Партугаліі альбо Даніі.
У першай палове года ў рамках падрыхтоўкі да турніру зборная Беларусі плануе правесці чатыры таварыскія спарынгі, але з кім будуць гуляць, апрача зборнай Таджыкістана, пакуль невядома.