БЕЛ Ł РУС

Культура

«У беларускім тэатры сёлета рост рэпрэсій. Толькі ў лістападзе звольнілі шэсць чалавек з РТБД»

19.12.2024 / 10:9

Nashaniva.com

Толькі ў пяці беларускіх тэатрах з 2020-га цалкам захавалася кіраўніцтва.

Спектакль «Шлюб з ветрам» быў адным з самых папулярных у РТБД. Пасля звальнення акцёраў ён знік з афішы. Фота: rtbd.by

Беларуская рада культуры зладзіла ў Вільні круглы стол пра вынікі года ў беларускай культуры. Падчас яго тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч адзначыў — на яго думку, у 2024-м беларускі тэатр зазнаў рост рэпрэсій.

Каб расказаць пра рэпрэсіі ў тэатры, Марціновіч прыводзіць некалькі прыкладаў. Першы з іх, але не адзіны, — гісторыя РТБД:

«Шэсць — столькі чалавек былі звольненыя ў лістападзе гэтага года з Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Гэта шэсць акцёраў, і з-за іх звальнення з рэпертуара тэатра знікла сем спектакляў. Гэта былі адны з найлепшых акцёраў і адны з найлепшых спектакляў [тэатра].

Уявіце, што ёсць каманда, якая гуляе адносна нядрэнна, і з яе забіраюць найлепшых гульцоў. Трэнера таксама мяняюць і кажуць: гуляйце далей. З аднаго боку, людзі, якія застаюцца ў такой камандзе, не стануць гуляць горш, але без сваіх партнёраў і з іншым трэнерам вынікі могуць быць іншыя».

Таксама крытык звярнуў увагу, што толькі ў пяці беларускіх тэатрах з 2020-га цалкам захавалася кіраўніцтва — дырэктар і мастацкі кіраўнік ці рэжысёр. У астатніх 23 тэатрах пакідаў пасаду або нехта адзін з кіраўніцтва, або кіраўніцтва цалкам. У гэтага ёсць і непалітычныя прычыны, але, кажа Марціновіч, многія з гэтых звальненняў звязаныя з палітыкай, ды і для беларускага тэатра нетыпова, калі так часта змяняецца кіраўніцтва.

Рэпрэсіі ў тэатры ўплываюць і на другую важную тэндэнцыю — кадравы дэфіцыт.

«У красавіку гэтага года дырэктара беларускага Тэатра лялек забралі на павышэнне, ён пайшоў у Мінгарвыканкам. І да кастрычніка тэатр працаваў без дырэктара, бо не маглі знайсці яму замену, — заўважае крытык. — 

У сакавіку звольнілі дырэктара ў Музычным тэатры, там дырэктара дагэтуль няма. Цяпер там абавязкі дырэктара выконвае чалавек, які да гэтага быў намеснікам дырэктара, а яшчэ раней працаваў інжынерам — класічны тэхнар, які забяспечваў функцыянаванне тэатра як вытворчай адзінкі. Тая ж сітуацыя ў Гомельскім тэатры лялек: дырэктара звольнілі, а нікога замест яго не прызначылі».

Чытайце таксама:

Звольнілі дырэктарку тэатра беларускай арміі

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Афіцыянт, танцор у Тайландзе, ролі ў «Мухтары» і «Сватах». Пяць фактаў пра новага міністра культуры Чарнецкага

Каментары да артыкула