БЕЛ Ł РУС

Свет

У Грузіі ўспыхнулі пратэсты пасля заявы ўрада пра адмову ад еўраінтэграцыі

28.11.2024 / 23:32

Nashaniva.com

Неўзабаве пасля таго, як прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Кабахідзэ заявіў, што краіна адкладае перамовы аб уступленні ў ЕС да 2028 года, адразу ў некалькіх буйных грузінскіх гарадах успыхнулі стыхійныя акцыі пратэсту. Акцыі праходзяць у Тбілісі, Кутаісі і Батумі.

Фота: Davit Kachkachishvili/Anadolu via Getty Images

У Тбілісі жыхары Грузіі, абураныя словамі Кабахідзэ, сабраліся адразу ў некалькіх месцах, у тым ліку ля цэнтральнага офіса кіруючай партыі «Грузінская мара» і парламента краіны. У дэманстрацыях бяруць удзел, па розных ацэнках, ад 10 да 20 тысяч чалавек.

На адной з вуліц грузінскай сталіцы адбылася сутычка з паліцыяй, удзельнікі пратэсту кідалі ў сілавікоў яйкі і дымавыя шашкі. Паліцыя ўжыла слёзатачывы газ.

Да будынка парламента прыбыў спецназ з вадамётамі.

Прэзідэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі далучылася да пратэсту ля парламента. Яна ўстала паміж пратэстоўцамі і спецназам і пачала размаўляць з сілавікамі.

«Вы служыце Расіі ці Грузіі? Каму ты даваў клятву? Мяне цікавіць адказ. Вы не адказваеце прэзідэнту? Ты не думаеш пра будучыню? Ні краіны, ні дзяцей?», — цытуе Зурабішвілі Paper Kartuli.

Чытайце таксама:

Грузія адмаўляецца ад перамоў аб уступленні ў Еўрасаюз

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

Прэзідэнцкія выбары ў Грузіі прызначылі на 14 снежня, яны пройдуць па новай сістэме

У Тбілісі апазіцыя перакрыла Плошчу Герояў да 22:00

Каментары да артыкула