Дураў расказаў, што яго дзяўчына была цяжарнай, калі яго затрымалі, і пасля страціла дзіця
6.10.2024 / 18:19
Уладальнік месенджара Telegram Павел Дураў і яго дзяўчына Юлія Вавілава, якая была разам з ім на самалёце, што сеў у Францыі, чакалі дзіця. Пра гэта расказаў сам мільярдэр.
Павел Дураў і Юлія Вавілава. Фота: сацсеткі Дурава
Пра тое, што яго дзяўчына Юлія цяжарная, Дураў даведаўся 27 жніўня, калі быў пад вартай.
«У той дзень у мяне было звычайнае шматгадзіннае сумоўе ў паліцыі. У перапынку паміж пытаннямі я спытаў свайго адваката, ці прыйдзе мая Юлія таксама на допыт. Ён сказаў, што яе чакалі, але яна не змагла прыйсці. Я стаў распытваць яго пра прычыны. «Спалохалася? З'ехала з Парыжа?» — спытаў я. Ён вагаўся. «Яна цяжарная,» — нарэшце сказаў ён.
Гэта быў не той адказ, якога я чакаў у той момант. Я заставаўся спакойным увесь час, пакуль знаходзіўся пад вартай у паліцыі, але такі паварот падзей заспеў мяне знянацку. Пасля паўзы я сказаў: «Дзякуй за добрыя навіны». Іншыя прысутныя — перакладчык, служачы, паліцэйскі — збянтэжана ўсміхаліся», — напісаў Дураў у сваім тэлеграм-канале.
Калі прадпрымальніка адпусцілі, ён даведаўся, што на яго дзяўчыну аказвалі ціск.
«Нейкі блогер пусціў слых, што яна «агент Масада». Іншым людзям прыйшла ў галаву абсурдная ідэя, што менавіта яе пасты (а не інфармацыя аб маім чартарным рэйсе) заахвоцілі паліцыю сустрэць мяне ў аэрапорце.
Праз канфіскацыю прылад яна некалькі тыдняў не магла атрымаць доступ да сваіх акаўнтаў у Telegram і Instagram. Тое, што яна замаўчала ў сацыяльных сетках, выклікала яшчэ больш чутак. Кібер-цкаванне, накіраванае на яе, працягвала набіраць абароты», — піша Дураў.
4 кастрычніка яго дзяўчына наведвала доктара і даведалася, што страціла дзіця.
«Доктар сказаў, што сэрца дзіцяці больш не білася. Цяжка апісаць боль. Да таго часу мы ўжо прызвычаіліся да гэтай думкі. Ішоў 10-ы тыдзень», — напісала Юлія Вавілава ў тэлеграм-канале.
Аперацыю ёй правялі 5 кастрычніка.
«Усё прайшло хутка, амаль без фізічнага болю. Цяпер прыйшоў час падлячыцца. Нам удалося справіцца са столькім адразу. Але для малога гэта было занадта цяжка…» — напісала яна.