Падчас прэзідэнцтва Трамп пытаўся ў Пуціна, ці варта ЗША даваць Украіне зброю для абароны ад Расіі
6.10.2024 / 14:6
Гэты абмен меркаваннямі адбыўся на першай асабістай сустрэчы Пуціна і Трампа, калі той толькі стаў прэзідэнтам ЗША.
Першая асабістая сустрэча Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна на саміце G20 у Гамбургу, 2017 год. Фота: Evan Vucci / AP
Як даведалася выданне The New York Times ад былога дзяржсакратара ЗША Рэкса Тылерсана, Трамп на першай сустрэчы з Пуціным раіўся з ім, ці правільна робяць ЗША, што збіраюцца пастаўляць амерыканскую зброю Украіне на фоне канфлікту з Расіяй на Данбасе.
Першая сустрэча двух прэзідэнтаў адбылася на палях саміту G20 у Гамбургу ў 2017 годзе, праз год пасля перамогі Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.
Як распавядае Тылерсан, расійскі лідар падчас размовы з Трампам «правёў таму майстар-клас па фарміраванні мыслення». Пуцін прыніжаў Украіну, называў яе вельмі карумпаванай і штучна створанай краінай, а таксама настойваў, што Расія мае поўнае гістарычнае права аказваць уплыў на Украіну і вырашаць яе лёс, цытуе The New York Times словы Тылерсана.
«У адзін з момантаў гутаркі Трамп заявіў Пуціну, што разглядае магчымасць паставак зброі Украіне, і спытаў у таго: «Што вы думаеце?» Пуцін у адказ сказаў, што «гэта была б памылка, і якую б дапамогу ЗША ні аказалі ўкраінцам, яны папросяць яшчэ». Трамп не стаў пярэчыць», — паведамляе The New York Times са спасылкай на Тылерсана і трох дзейных амерыканскіх чыноўнікаў, якія таксама былі на саміце ў Гамбургу.
Тылерсан адзначае, што пасля тых перамоваў ён, як дзяржсакратар, заклікаў супрацоўнікаў адміністрацыі прэзідэнта ЗША «змяніць меркаванне Трампа аб Украіне», бо яно трапіла пад уплыў Пуціна.