БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Міжнародны гуманітарны фонд — каму ён будзе дапамагаць і колькі там цяпер грошай

19.09.2024 / 15:39

Nashaniva.com

Міжнародны гуманітарны фонд — новы праект па дапамозе палітвязням, які хутка стартуе. На прэс-канферэнцыі ў Вільні расказалі пра яго.

Фота: Офіс Ціханоўскай

Падчас выступу на прэс-канферэнцыі Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што фонд ствараецца не замест існуючых гуманітарных арганізацый, а ў дадатак да іх.

Унесці грошы ў фонд могуць дзяржавы, арганізацыі і неабыякавыя мецэнаты, цяпер у ім каля 1,3 мільёна еўра. Хутка будзе падпісаны адпаведны кантракт з Нарвегіяй, але арганізатары фонду кажуць, што яшчэ некалькі краін гатовыя паўдзельнічаць у папаўненні фонду.

Кіраванне фондам будзе калектыўным, за яго адкажуць самі праваабаронцы і гуманітарныя арганізацыі. Таксама ім будзе займацца назіральная рада з дзевяці чалавек — медыйшчыкі, супрацоўнікі гуманітарных арганізацый і прадстаўнікі міжнародных партнёраў фонду. 

Цяпер у фонд уваходзяць восем арганізацый: «Байсол», «Байхэлп», «Краіна для жыцця», Dissidentby, «Вольныя», INeedHelp і яшчэ дзве арганізацыі, якія пакуль не названыя публічна. Гэтыя арганізацыі змогуць запытваць у фонду сродкі на свае праграмы. Аб’яднаны пераходны кабінет і Офіс Ціханоўскай не будуць умешвацца ў працу фонду.

Атрымаць дапамогу ад фонду змогуць палітзняволеныя, іх сем’і і беларусы, якія трапілі пад катаванні. Фокус — на беларусах унутры краіны.

Абяцаюць, што ў фонду будуць нулявыя адміністрацыйныя выдаткі, бо фінансаванне такіх патрэб возьмуць на сябе арганізацыі-чальцы фонду.

Ціханоўская адзначае:

«Дапамога рэпрэсаваным не замяняе працы па вызваленні палітвязняў. Гэта два напрамкі, якія мы вядзем адначасова, і наш прыярытэт — вызваліць людзей з турмаў. Але ж фонд будзе вялікай дапамогай для тых, хто ўжо выйшаў на волю ці яшчэ знаходзіцца за кратамі».

Чытайце таксама:

Палітвязень правёў паўтара года ў СІЗА — вось як ён выглядаў пасля гэтага

«Проста заліваешся слязьмі і думаеш: за што?» Ірына Шчасная і яе чатыры балючыя гады за кратамі

Экс-палітзняволеная расказала, як выходзіла па памілаванні і пра тое, што чуваць пра Калеснікаву

Каментары да артыкула