Хворы Кадыраў таемна ажаніў сваіх непаўналетніх сыноў
20.06.2024 / 12:32
Паводле звестак крыніц «Новай газеты Еўропа», 8 чэрвеня ў Чачэнскай рэспубліцы адбыліся вяселлі двух сыноў Кадырава — 17-гадовага Элі Кадырава і 16-гадовага Адама Кадырава. У адрозненне ад пышнага вяселля старэйшага сына кіраўніка Чачні Ахмата, якое адгрымела ў сакавіку мінулага года з выключнай дэманстратыўнасцю, на гэты раз урачыстасці прайшлі ў абстаноўцы беспрэцэдэнтнай сакрэтнасці. Прычынай такой сакрэтнасці крыніцы лічаць скандальна юны ўзрост маладых.
Адам Кадыраў. Фота: Рамзан Кадыраў / Telegram
Нявестамі сыноў Кадырава сталі сваячкі найбліжэйшых паплечнікаў кіраўніка Чачні. Так, Элі ажаніўся са старэйшай унучкай дэпутата Дзярждумы ад рэспублікі Адама Дэлімханава, а Адам — з дачкой чачэнскага сенатара Сулеймана Герэмеева.
Па даных «Новай-Еўропы», маці нявесты Элі Кадырава зʼяўляецца дачка Дэлімханава Хедзі. Яна нарадзілася ў 1993 годзе і, паводле звестак выдання, выйшла замуж у 17 гадоў. Такім чынам, 17-гадовы Элі Кадыраў ажаніўся з дзяўчынкай, якая не можа быць старэйшай за 14 гадоў, робіць выснову газета.
На думку аўтараў матэрыялу, «таемныя, хуткія і сумнеўныя з пункту гледжання расійскага закона» вяселлі малодшых сыноў Кадырава сведчаць, што сітуацыя ў Чачні «развіваецца па форс-мажорным» сцэнары. Прычынай спешкі выданне лічыць смяротную хваробу Кадырава.
Элі Кадыраў на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Фота: Рамзан Кадыраў / Telegram
Раней стала вядома, што Кадыраву дыягнаставалі некроз падстраўнікавай залозы. Пры гэтым, па даных «Новай-Еўропа», у верасні 2023 года чале Чачні паставілі новы дыягназ, які, па словах крыніц выдання, прывёў у роспач блізкае асяроддзе Кадырава.
Па версіі газеты, кіраўнік Чачні ўсведамляе, што сваім «жорсткім кіраваннем» ён паставіў пад пагрозу будучыню сваёй сямʼі і цяпер спрабуе засцерагчы сваіх сыноў усімі даступнымі спосабамі.
Па гэтай прычыне Кадыраў вырашыў, што лепш зрабіць Дэлімханавых і Герэмеевых сваякамі — калі ўжо не па крыві, то па шлюбе.
На думку аўтараў артыкула, асабістыя сустрэчы сыноў Кадырава з Пуціным патрэбны таксама для таго, каб прадэманстраваць, што гарантыі бяспекі Крамля распаўсюджваюцца і на іх.
Тыя ж мэты маюць і прызначэнні непаўналетніх дзяцей Кадырава на высокія дзяржаўныя пасады ў рэспубліцы, і іх шлюбы з прадстаўнікамі ўплывовых чачэнскіх семʼяў. Усё гэта павінна стаць залогам бяспекі дзяцей Кадырава пасля яго смерці, піша «Новая-Еўропа».
Чытайце таксама:
Чатыры жонкі Рамзана Кадырава, якія нарадзілі яму 14 дзяцей: хто яны
Пляменніка Кадырава прызначылі міністрам транспарту Чачні
«Ранейшага лідара ўжо не будзе». Рамзан Кадыраў невылечна хворы
Кадыраў прызначыў свайго 16-гадовага сына куратарам прыватнага ўніверсітэта спецназа імя Пуціна