Маркаў: Рэвалюцыі ў Мінінфарме не будзе
13.06.2024 / 16:19
Новы міністр заявіў, што будзе прытрымлівацца ранейшай лініі.
Фота: БелТА
Марат Маркаў, якога Лукашэнка прызначыў міністрам інфармацыі, выказаў меркаванне, што лінія, абраная ведамствам у апошнія гады, была правільнай.
«І я дастаткова добра ведаю, як гэтая праца праводзілася, у якіх кірунках. Таму рэвалюцыі ў гэтым плане дакладна не будзе, будзе цалкам выразная і паслядоўная праца», — заявіў Маркаў.
Экс-кіраўнік АНТ адзначыў, што разумее, якія задачы перад ім стаяць, піша БелТА.
«Таму гаворка ідзе пра паслядоўнае развіццё далей, а не пра тое, каб рабіць рэвалюцыю ў нейкай сферы і паказваць бачнасць працы. Будзе нармальная праца», — рэзюмаваў Маркаў.
На думку новага міністра, ведамства павінна «забяспечыць далейшае поўнае дамінаванне на ўласным інфармацыйным полі, у рамках Беларусі». Маркаў паабяцаў надаваць увагу як традыцыйным СМІ, так і новым медыя.