Суд наклаў на Пратасевіча штраф — 24,5 мільёна рублёў. Ён у шоку
7.05.2024 / 20:25
Суд Мінскага раёна разгледзеў грамадзянскі пазоў пракурора ў дачыненні да Рамана Пратасевіча, Яна Рудзіка і Сцяпана Пуціла, расказаў Пратасевіч на сваім стрыме «Рома говорит». Пазоў пракурора разгледзелі 7 траўня, суд праходзіў у адкрытым рэжыме.
Скрыншот з відэа
Па словах Пратасевіча, прызначаная судом сума ў 24 559 261 рублёў (каля 7 мільёнаў даляраў) складаецца з нібыта нанесенай фігурантамі шкоды і дзяржаўнай пошліны.
«Гэта рашэнне стала для мяне шокам. Я ўсё ж такі спадзяваўся на нейкія маленькія сумы або што будзе прасцей і я хоць бы тэарэтычна змагу пакрыць шкоду», — адзначыў Пратасевіч.
Рашэнне суда Мінскага раёна. Скрыншот: ютуб-канал «Рома кажа»
Асноўная частка выплат павінна пайсці МУС «на прэміі і пазаўрочныя супрацоўнікам», сказаў Пратасевіч.
На выдаткі органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС на забеспячэнне транспартных выдаткаў у рашэнні адведзена 1 404 816 рублёў 96 капеек, на камандзіровачныя выдаткі супрацоўнікам — 286 756 рублёў 42 капейкі.
Шкода будзе спаганяцца салідарна — гэта значыць, з каго ўдасца стрэсці грошы, з таго і ўдасца. Паколькі Рудзік і Пуціла за мяжой, адказваць давядзецца перадусім Пратасевічу.