Байдэн запэўніў Зяленскага, што падпіша закон аб дапамозе Украіне адразу пасля яго ўхвалення Сенатам
22.04.2024 / 22:26
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову са сваім амерыканскім калегам Джо Байдэнам пасля прыняцця ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэса ЗША законапраекта аб дапамозе Кіеву, піша «Еўрапейская праўда».
Уладзімір Зяленскі і Джо Байдэн у Вашынгтоне ў снежні 2022 года. Фота: AP Photo/Patrick Semansky
Па словах Зяленскага, прэзідэнты абмеркавалі змест наступнага пакета вайсковай дапамогі ЗША, і Джо Байдэн запэўніў яго, што падпіша законапраект адразу пасля яго ўхвалення Сенатам.
«Прэзідэнт запэўніў мяне, што пакет хутка зацвердзяць, і што ён будзе магутным, узмацняючы нашу супрацьпаветраную абарону, а таксама дальнабойныя і артылерыйскія магчымасці», — адзначыў Зяленскі.
Украінскі лідар выказаў падзяку прэзідэнту ЗША за непахісную падтрымку Украіны і «сапраўднае глабальнае лідарства», а таксама адзначыў двухпартыйную падтрымку законапраекта і асабісты ўклад спікера Майка Джонсана і лідара меншасці ў Палаце прадстаўнікоў Хакіма Джэфрыса ў яго прыняцці.
«Іншая пастанова Палаты прадстаўнікоў аб дазволе на канфіскацыю замарожаных расійскіх актываў таксама з'яўляецца магутным сігналам для ўсіх нашых партнёраў», — адзначыў Зяленскі.
Акрамя таго, па словах Уладзіміра Зяленскага, яны з Байдэнам абмеркавалі працу над двухбаковым пагадненнем аб бяспецы і падрыхтоўцы да наступнага Саміту міру ў Швейцарыі.