Баранавіцкаму іпэшніку пагражае да 12 гадоў турмы за «заклікі да санкцыяў»
29.03.2024 / 12:40
Спачатку 47-гадоваму Сяргею Бунату далі пятнаццаць сутак за рэпост ажно з 2017 года.
Сяргей Буната. Фота з ягонай старонкі Укантакце
Сяргею Бунату, калі меркаваць па сацсетках, 47 гадоў. Ён з Баранавічаў, меў статус індывідуальнага прадпрымальніка.
Сяргея затрымалі 31 жніўня 2023 года. Спачатку — за рэпост у Аднакласніках, які ён зрабіў яшчэ ў сакавіка 2017 года. Гэта публікацыя Белсата з групы STOP LUKA пра Дзень Волі-2017. За гэта Сяргею прасудзілі пятнаццаць сутак арышту.
Рэпост, за які ўпершыню судзілі Сяргея
Пасля гэтага Буната перазатрымалі па крымінальнай справе. Яго вінавацяць у «закліках да санкцый». Гэта можа быць што заўгодна — ад каментара ў сацсетках да паведамлення дэмакратычным сілам пра тое, што нехта абыходзіць санкцыі.
Цяпер яму пагражае ад чатырох да дванаццаці гадоў турмы. Вядома, што Сяргея дома чакаюць непаўналетняя дачка і жонка.