ХАМАС маніць? Прадстаўнік Ізраіля паставіў пад сумнеў колькасць загінулых у Газе
27.10.2023 / 19:46
Прадстаўнік ізраільскага ўрада заявіў, што сумняваецца ў дакладнасці лічбаў загінулых, якія агучылі палесцінскія ўлады ў сектары Газа, і абвінаваціў ХАМАС у іх завышэнні.
Палесцінцы разбіраюць разваліны будынкаў пасля ракетнага ўдару Ізраіля. Газа, 27 кастрычніка 2023 года. Фота: AP Photo / Abed Khaled
У інтэрв'ю каналу «Аль-Арабія» афіцыйны прадстаўнік прэмʼер-міністра Ізраіля для арабскіх медыя Афір Гендэльман (Ofir Gendelman) параіў арабскім і заходнім СМІ не верыць лічбам, якія агучваюць баевікі, што кантралююць сектар Газа.
Паведамляецца, што падчас жывога эфіру з Гендэльманам «Аль-Арабія» атрымала інфармацыю аб тым, што Міністэрства аховы здароўя Газы паведаміла імёны і ідэнтыфікацыйныя нумары звыш сямі тысяч ахвяр, што загінулі з той пары, як Ізраіль пачаў бамбардзіроўку сектара Газа.
У адказ Гендэльман запатрабаваў доказы і заявіў: «Гэта спіс імёнаў і ідэнтыфікацыйных нумароў, але дзе трупы? Дзе доказы? Мы можам даць вам 10 тысяч імёнаў і 100 тысяч імёнаў, але гэта не даказвае, што яны былі забітыя…. ХАМАС ілжэ. Ён фабрыкуе факты, каб падтрымаць свае гісторыі».
Сама ж палесцінская адміністрацыя, па словах афіцыйнага прадстаўніка прэмʼер-міністра Ізраіля, «не карыстаецца даверам», а «ХАМАС завышае лічбы і сцвярджае, што ўсе, хто загінуў, мірныя жыхары».
«Колькі тэрарыстаў было забіта? ХАМАС прызнаў, што нехта з яго тэрарыстаў быў забіты? Не. Таму што так спрабуюць паказаць усіх ахвяр як нявінных цывільных асоб», — цытуе «Аль-Арабія» словы Гендэльмана.
«Адкуль гэтыя звесткі? Ад Міністэрства аховы здароўя <…> якое выконвае загады Міністэрства інфармацыі ХАМАС, і прэс-сакратара тэрарыстаў, якія належаць да ХАМАС. Незалежных даных няма», — заявіў Гендэльман.
На пытанне, ці лічыць ён дакладнымі даныя аб загінулых, апублікаваныя міжнароднымі арганізацыямі або Арганізацыяй Абʼяднаных Нацый, Афір Гендэльман сказаў, што ўсе падпарадкоўваліся загадам ХАМАС.
«Яны баяцца ХАМАС. У шэрагу выпадкаў прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый складаюцца з палесцінцаў, якія належаць да ХАМАС».
Паводле слоў Гендэльмана, менавіта ХАМАС, а не Ізраіль павінен папрасіць прабачэння за гібель палесцінцаў.
Як адзначае «Аль-Арабія», каментары Гендэльмана прагучалі праз дзень пасля таго, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што «не ўпэўнены ў лічбах, якія выкарыстоўваюць палесцінцы» для вызначэння колькасці загінулых у сектары Газа, які знаходзіцца пад кантролем ХАМАС».
Чытайце яшчэ:
ХАМАС паведаміў пра смерць 50 закладнікаў
Байдэн: Палесціна і Ізраіль павінны існаваць мірна ў якасці дзвюх незалежных краін