Шаўчэнка: Крэмль хацеў бы замяніць Лукашэнку, і я ведаю на каго
27.05.2023 / 12:55
Народны дэпутат Украіны Яўген Шаўчэнка, які мае сувязі з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі, расказаў, чаму Лукашэнка нязручны Пуціну і якую для яго замену знайшлі ў Маскве.
Народны дэпутат Украіны Яўген Шаўчэнка падчас інтэрв'ю. Стоп-кадр відэа
У інтэрв'ю ютуб-каналу «Фабрика новин» народны дэпутат Украіны Яўген Шаўчэнка выказаў думку, што Масква зацікаўленая ў тым, каб Лукашэнка не быў на чале Беларусі. Акрамя гэтага, ён выказаўся аб тым, што ведае аб планах Крамля замяніць Лукашэнку на іншага чалавека.
«На каго дакладна, я не буду цяпер называць. Але гэта багаты чалавек, бізнэсмен. Ён родам з Беларусі. Гэты чалавек выконваў бы ўсе капрызы Пуціна па першай камандзе».
Шаўчэнка адзначыў, што для Пуціна Лукашэнка — не вельмі зручная фігура, бо не будзе проста так выконваць нейкія загады. Дэпутат лічыць, што не трэба сурʼёзна ўспрымаць і заявы Лукашэнкі адносна вайны з Украінай і яго дачыненне да яе пачатку.
«Усе яго дзеянні, калі прааналізаваць лагічна, а не праз эмоцыі, нават калі ён Пуціну казаў: «Правільна, што напалі. Яны б напалі на нас. Гэта прэвентыўныя меры». Гэтыя словы сведчаць толькі аб тым, што ён не быў далучаны да гэтага працэсу. І гэты яго званок а 5-й ранку Пуціну. Калі ты «ў тэме» з імі, чаму ты яму звоніш а пятай ранку?
Я ведаю псіхатып Лукашэнкі і ўпэўнены, што ён не быў далучаны да гэтай тэмы наўпрост. Яго выкарысталі».
На пытанне, як магло так стацца, што ўварванне адбылося і з тэрыторыі Беларусі без ведама Лукашэнкі, народны дэпутат адказаў:
«Вы ж памятаеце, што ў той час гулялі ў ваенныя вучэнні, ганялі туды-сюды войскі. А потым Лукашэнка апраўдваўся: «Я свой, я з вамі». Магчыма, ён думаў, што атрымаецца за тры дні, і тады яны будуць разам дзяліць ахвяру».
А заява Лукашэнкі «Я вам пакажу, адкуль рыхтавалася нападзенне», на думку Шаўчэнкі, адрасавалася Пуціну. Такім чынам ён сябе і праявіў. Ён раіць поўнасцю паглядзець запіс, дзе гучаць гэтыя словы. Тады можна ўбачыць, што ў канцы Лукашэнка гаворыць «І правільна зрабілі. Каб вы гэтага не зрабілі, на нас бы напалі». «Такім чынам, ён падыгрываў», — лічыць палітык.
Калі вядоўца нагадаў словы Лукашэнкі ў інтэрвʼю Салаўёву за некалькі дзён да пачатку вайны: «З кім там ваяваць. На чатыры дні. Там ваяваць няма з кім», то Шаўчэнка адказаў:
«Давайце будзем шчырымі. У нас шмат хто ва Украіне з комплексам заніжанай самаацэнкі лічыў, што наша армія слабая. А я заўсёды казаў, што ўкраінцы заўсёды, нават у савецкі час, былі найлепшымі вайскоўцамі. Гэта прыроднае. Я заўсёды казаў, што Беларусь не пра вайну.
А ўкраінцы — народ, які ўмее ваяваць. І сваёй гісторыяй ён гэта пацвердзіў. Гэта ваяўнічы народ, і з ім ваяваць няварта. Гэта была памылка расіян. На жаль, палітычнае кіраўніцтва Крамля і цяпер гэтага не зразумела. Яны не разумеюць, што ваююць не з Зяленскім ці з Буданавым. Яны ваююць з украінскім народам. А народ перамагчы немагчыма».
Раней кіраўнік украінскай вайсковай выведкі Кірыла Буданаў заявіў, што яны выкарыстоўвалі Яўгена Шаўчэнку для камунікацыі з Аляксандрам Лукашэнкам.
Чытайце яшчэ:
Памятаеце дэпутата Рады Яўгена Шаўчэнку, які ездзіў некалькі разоў да Лукашэнкі? Яго затрымалі