Следчы камітэт спыніў крымінальную справу супраць праваабаронцы Насты Лойкі
7.10.2022 / 22:51
Пра тое, што супраць яе спынілі крымінальную справу, паведаміла ў фэйсбуку сама праваабаронца Human Constanta Наста Лойка, піша «Медыязона».
Наста Лойка
«Па вяртанні на мяне чакаў ліст з СК, што крыміналка ў дачыненні мяне спыненая. Зараз я толькі сведка па справе «Вясны» і без забароны на выезд», — напісала Лойка.
Лойку затрымалі 6 верасня каля залы суда, дзе праходзіла пасяджэнне па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння». 7 верасня ёй прысудзілі 15 сутак арышту, а 22 верасня яе другі раз арыштавалі на той жа тэрмін.
У жніўні 2021 года Лойка стала падазраванай у садзейнічанні нявыплаце падаткаў (артыкул 243 КК РБ) па справе супраць праваабарончага цэнтра «Вясна». Праваабаронца знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе і абавязацельствам аб яўцы.